2014-03-15 12:03:21

Папскі прапаведнік: пазбаўленне сябе аб’екту раскошы часам больш эфектыўнае, чым некаторыя формы аскезы


RealAudioMP3 Знайсці час для маўчання і цішыні, пасціць не толькі ад ежы, але і ад праяваў дабрабыту, перамагаць тое, што супярэчыць Божай волі – на гэтым палягае Вялікі пост хрысціяніна, адзначыў прапаведнік Папскага дому, айцец Раньера Канталамеса ў сваім першым велікапостным казанні. Яно прагучала ў ватыканскай капліцы “Redemptoris Mater” 14 сакавіка 2014 г. у прысутнасці супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія не прымалі ўдзел у рэкалекцыях з Папам у Арыча. Капуцын заклікаў кожнага знайсці сваю “пустыню”, як зрабіў гэта Езус, знайсці сябе стоячы перад Божым словам. Дзеля гэта трэба спыніць шум, які авалодаў намі праз розныя формы сучаснай культуры і тэхналогій – часопісы, кнігі, тэлебачанне, інтэрнэт, якія ўрываюцца ў жыццё нашага сэрца і забіраюць яго энергію. Сёння, паводле прапаведніка, патрэбны пост ад усяго гэтага.

Пост у нашы дні з’яўляецца выклікам для спажывецкага мыслення – гэта цвярозае і добраахвотнае пазбаўленне сябе вялікага ці малога камфорту, гэта салідарнасць з беднымі. Сёння пазбаўленне сябе чагосьці не самага неабходнага або нейкага аб’екту раскошы, магчыма, больш духоўна эфектыўнае, чым некаторыя формы аскезы, выбраныя намі самімі, адзначыў айцец Канталамеса.

Прапаведнік прапанаваў таксама пост ад вобразаў, якія перадаюць насілле, пачуццёвасць, што адлюстроўвае нізкія інстынкты і дае ілжывае ўяўленне пра жыццё. Іншым “альтэрнатыўным постам” з’яўляецца адмаўленне ад дрэнных, вострых, негатыўных слоў і праклёнаў. Бо менавіта яны чыняць разлад паміж людзьмі.

Айцец Канаталамеса нагадаў, што мы таксама пакутуем ад спакусаў сатаны, як і Езус на пустыні. Д’ябал выкарыстоўвае добрыя рэчы ў якасці інструментаў для аддалення чалавека ад Бога. І грошы, і сексуальнасць, гэта дары ад Бога, гэта добра, калі выкарыстоўваюцца правільна, але калі гэта ўсё штурхаецца ў крайнасць, становіцца разбуральным ідалам. Хрысціянскі пост, нагадаў капуцын, заключаецца ў пошуку больш глыбокага дыялогу з Богам адарваўшыся ад усяго гэтага.







All the contents on this site are copyrighted ©.