2014-03-15 11:26:04

Пантыфік даў інтэрв’ю аргентынскаму “радыё для бедных”


RealAudioMP3 Касцёл, Евангелле, бедныя і беднасць сталі тэмамі відэа-інтэрв’ю, якое здзейсніла з папам Францішкам аргентынскае радыё “Bajo Flores”. Пантыфіку было зададзена дванаццаць пытанняў адносна прысутнасці Касцёла сярод бедных і маргіналізаваных. Ён адзначыў служэнне святароў, якія працуюць у аргентынскіх прыгарадах сярод самых бедных слаёў насельніцтва. Тое, што яны робяць, гэта “не ідэалагічная рэч, але апостальская місія”, патлумачыў Святы Айцец. Ён узгадаў арганізацыю пад назвай “Святары для Трэцяга свету”, створаную пасля ІІ Ватыканскага Сабору ў Аргентыне – яна аб’яднала святароў, што працавалі ў бедных кварталах і выказваліся за сацыяльна-палітычныя рэформы. Паводле Францішка, гэтыя духоўныя асобы – “не былі камуністамі”, як казалі і кажуць аб іх многія, сярод іх былі “вялікія святары, якія слухалі Божы народ і змагаліся за справядлівасць”.

У інтэрв’ю Святы Айцец заявіў аб неабходнасці звярнуць увагу на беднасць і бедных і служыць ім, але ў той жа час, на патрэбу дазволіць іншым дапамагчы нам самім. “Мы патрэбныя адзін аднаму”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Bajo Flores” пазіцыянуе сябе як “радыё для бедных”. На інтэрнэт-старонцы аргентынскага медыя гаворыцца, што яго супрацоўнікі вызначаюць свой праект як палітычна-камунікацыйны і лічаць сваёй мэтай палітычную барацьбу за сацыяльную справядлівасць.







All the contents on this site are copyrighted ©.