2014-03-14 13:18:42

Ян ХХІІІ – набліжаецца кананізацыя “вялікага рэфарматара”


RealAudioMP3 27 красавіка 2014 г. адбудзецца кананізацыя Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Абодва Папы характарызаваліся імкненнем да пераўтварэнняў, а іх пантыфікаты былі пазначаны шматлікімі новаўвядзеннямі ў жыцці Касцёла. Калі для многіх яшчэ свежымі застаюцца ўспаміны пра дзейнасць Яна Паўла ІІ, то постаць Яна ХХІІІ крыху менш знаёма сучасным вернікам і пра яе варта ўзгадаць. Гэты Папа, нягледзячы на тое, што стаў Пантыфікам ва ўзросце 77 гадоў, а яго пантыфікат лічыўся “пераходным”, застаўся ў гісторыі, як адзін з самых вялікіх рэфарматараў. Менавіта ён абвясціў аб скліканні ІІ Ватыканскага Сабора, каб адказаць на выклікі, якія ставіла сучасная эпоха. Гаворка не ішла пра тое, каб сфармулаваць новыя праўды веры, але прадставіць касцёльнае навучанне адпаведна да сучаснасці. Папа заклікаў надаць прывелеяванае месца міласэрнасці і дыялогу, зблізіцца з іншымі хрысціянскімі канфесіямі.

Душпастырскі стыль Яна ХХІІІ характарызаваўся навізной. Пантыфік, які падкрэсліваў, што з’яўляецца перш за ўсё Біскупам Рыма, часта сустракаўся з вернікамі і наведваў парафіі Вечнага горада. Ён быў першым Папам, які наведаў шпіталь і сустрэўся са зняволенымі ў турме. За час свайго пантыфікату ён пакідаў Ватыкан для сустрэч з вернікамі каля 150 разоў.

Ян ХХІІІ быў першым Пантыфікам, які прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Англіканскай Царквы. Ён упершыню ў гісторыі Касцёла надаў кардынальскую годнасць чорнаскураму іерарху з Афрыкі, а таксама іерархам з Японіі і Філіпін. Ян ХХІІІ адмяніў звычай цалавання крыжа на абутку Пантыфіка пасля яго абрання Біскупам Рыма, а таксама дазволіў вернікам наведваць купал базылікі св. Пятра, нават у той час, калі сам гуляў па ватыканскіх садах.

Ян ХХІІІ стаў першым Рымскім Пантыфікам, які ўзначаліў літургію ў візантыйскім абрадзе. Ён з’яўляецца першым і адзіным Папам, які атрымаў Прэмію Бальцана за захаванне міру, чалавецтва і братэрства. Гэтым быў адзначаны яго ўклад у вырашэнне Карыбскага крызісу. Гэту прэмію ён атрымаў у Квірынальскім палацы – рэзідэнцыі італьянскага Прэзідэнта і стаў першым Пантыфікам, які наведаў гэта месца, пасля таго, як Рым перастаў быць сталіцай Папскай дзяржавы. Ян ХХІІІ быў першым Папам, які пачаў прамы дыялог з кіраўніком СССР – ён адказаў на тэлеграму Нікіты Хрушчова, скіраваную з нагоды свайго 80-годдзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.