2014-03-14 12:46:58

Апостальская Сталіца і Аль-Азхар будуць разам змагацца з сучасным рабствам


RealAudioMP3 Святы Пасад і ісламскі ўніверсітэт Аль-Азхар аб’ядналі свае высілкі супраць гандлю людзьмі і сучаснага рабства. Як паведаміла Зала Друку, прадстаўнікі Ватыкана і каірскай навучальнай установы прэзентуюць 17 сакавіка 2014 г. у Рыме сумесны праект пад назвай “Global Freedom Network” (Глабальная свабодная сетка). Супрацоўніцтва варта разглядаць як яшчэ адзін крок у збліжэнні паміж Апостальскай Сталіцай і егіпецкім універсітэтам Аль-Азхар, самай аўтарытэтнай навучальнай установай у суніцкім ісламе.

Рэгулярныя перамовы паміж двума бакамі з ініцыятывы мусульманаў былі перапынены тры гады таму пасля выступлення Бэнэдыкта XVI, які паскардзіўся на атмасферу рэлігійнай нецярпімасці ў Егіпце пасля сур’ёзнага нападу на копцкі храм падчас правядзення там літургіі ў пачатку 2011 г. У апошні час з’явіліся прыкметы збліжэння з боку кіраўніцтва ўніверсітэта.

У прэс-канферэнцыі ў бліжэйшы панядзелак возьмуць удзел біскуп Марсэла Санчэс Саронда, канцлер Папскай акадэміі навук, навуковец і эксперт Махмуд Азаб, які будзе прадстаўляць вялікага імама Аль-Азхар, англіканскі епіскап Дэвід Джон Моксан і заснавальнік “Walk Free Foundation”, якая змагаецца з сучасным рабствам, Эндру Форэст.







All the contents on this site are copyrighted ©.