2014-03-13 11:32:20

Папа адзначыў каштоўнасць прыкладу жыцця былога кіраўніка “Opus Dei”


RealAudioMP3 Папа Францішак указаў на каштоўны прыклад жыцця іспанскага біскупа Альвара дэль Парцільё, паплечніка св. Хасэмарыі Эксрывы і яго наступніка на пасадзе кіраўніка Персанальнай прэлатуры “Opus Dei” у перыяд з 1975 г. па 1994 г. 27 верасня 2014 г. іерарх будзе абвешчаны благаслаўлёным. Форум з нагоды 100-годдзя яго нараджэння праходзіць 12-14 сакавіка ў Папскім універсітэце Святога Крыжа, які заснаваў сам біскуп дэль Парцільё. У прывітальнай тэлеграме, якую папа Францішак скіраваў за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, біскуп дэль Парцільё названы “дбайным святаром”, які здолеў спалучыць “інтэнсіўнае духоўнае жыццё”, заснаванае на вернай адданасці Хрысту, з “шчодрай апостальскай дзейнасцю”. Адзначаецца, што, несучы Евангелле, іерарх стаў сапраўдным пілігрымам, які наведаў пяць кантынентаў. “Яго Святасць заклікае наследаваць яго пакорнае, радаснае, сціплае і ціхае жыццё, але таксама рашучасць у сведчанні пастаяннай навізны Евангелля”, - гаворыцца ў тэлеграме.

Біскуп Альвара дэль Парцільё быў кансультантам розных дыкатэрый Апостальскай Сталіцы. Ён прымаў удзел у ІІ Ватыканскім Саборы як старшыня Камісіі па справах свецкіх, а затым, як сакратар Камісіі па справах духавенства і ўдзельнік камісіі, якая займалася пераглядам Кодэкса Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.