2014-03-13 13:56:46

Беларусь: прадстаўнікі традыцыйных рэлігій прынялі сумесную Дэкларацыю аб абароне жыцця


RealAudioMP3 Разам, у голас, за жыццё. Сёння прадстаўнікі традыцыйных рэлігій Беларусі прынялі сумесную дэкларацыю аб абароне традыцыйных каштоўнасцяў у сферы дэмаграфіі, праблемы якой у краіне наўпрост звязаны з абортамі. У праекце дэкларацыі яны замацавалі паняцце штучнага перапынення цяжарнаці як перапынення чалавечага жыцця, неабходнасці надання ненароджанаму дзіцяці статуса чалавека, неадпаведнасці нацыянальнага заканадаўства міжнародным нормам аб абароне маці і дзіця. Хрысціяне, мусульмане і юдэі (а дэкларацыя ўпершыню носіць характар не толькі міжканфесійны, але і міжрэлігійны) заклікалі ўсе сацыяныя групы насельніцтва і дзяржаўныя ўстановы пачаць ці прадоўжыць барацьбу за жыццё ненароджаных дзіцей шляхам змянення законаў, выхавання моладзі, змены інфармацыйнага клімату вакол праблемы абортаў. Дэкларацыю скіруюць ва ўсе беларускія міністэрствы і ведамствы, а таксама парламент.

Казаць аб гэтым сёння трэба не толькі з амбоны храма, але і ў міністэрствах і ведамставах, адзначыў у сваім прывітальным слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскага, да сабраўшыхся, якое зачытаў біскуп Юрый Касабуцкі.

У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі адзначыў, што прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, а таксама іншых рэлігій, павінны выказваць свой погляд на праблему абортаў. “Гэта важная справа для міжнароднай супольнасці, а таксама для нашай краіны. Захаванне і абарона жыцця моцна залежыць ад прававой базы, якая існуе ў дзяржаве. Забойства ненароджанага дзіця – гэта забойства. І мы не можам назваць гэта іншым словам, ад гэтага сутнасць не зменіцца. І мы павінны выказваць свой погляд, які можа паўплываць на станаўленне пэўных прававых нормаў”, - сказаў ён.

Аб тым, што пункт гледжання на аборты – адзіны для хрысціян сказаў і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення айцец Сергій Лепін. Праблема захаваання жыцця – першачарговая для Царквы. Але яна ляжыць у шматлікіх пласкасцях – гэта аборты, наркаманія, п’янства, а таксама сурагатнае мацярынства, рэпрадуктыўныя тэхналогіі, што не толькі ненатуральна, але і – ідзе насуперак законам прыроды, але і грахоўна – супярэчыць задуме Створцы. І толькі агульнымі намаганнямі можна прабаваць змяняць, як маральныя законы, якія пануюць сёння ў грамадстве, так і прававыя асновы.

“Адносіны да абортаў – гэта тэма, якая нас аб’ядноўвае. Вельмі прыемна, што, нягледзячы на адрозненні паміж намі, мы сабраліся, каб выказаць свой пункт гледжання разам. Звычайна мы выступалі паасобку і магло здавацца, што гэта прыватны пункт гледжання кожнай з Цэрквай – ці праваслаўных, ці католікаў. Ці потым юдэяў, мусульман. А тут мы выступаем разам і я спадзяюся, што нашы намаганні не пройдуць задарма”, - сказаў айцец Сергій.

Трэба адзначыць, што намаганні храсціянскіх Цэркваў Беларусі ўжо не прайшлі дарма. Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы Беларусі выступалі за ўнясенне паправак ў Закон “Аб ахове здароўя”. Некаторыя з пазіцый усё ж былі прыняты дэпутатамі падчас разгляду законапраекта ў першым чытанні. У студзені 2013 г. з 10 да 2 пунктаў былі скарочаны сацыяльныя паказанні для правядзення аборту на тэрміне да 22 тыдняў цяжарнасці. Гэта важны крок у напрамку абмежавання абортаў, але не зусім эфектыўны. Абсалютная большасць абортаў робіцца на тэрміне да 12 тыдняў. А напрыканцы мінулага года было замацавана права медыкаў адмовіцца рабіць аборт, што стала сапраўднай перамогай. Бо немалая частка беларускага грамадства – вернікі, моладзь, неабыякавыя – ужо саспела да гэтых змен, адзначыў Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар Дабрачыннага фонда абароны жыцця і сям’і “Адчыненыя сэрцы”. І гэта толькі першыя крокі, на якія нельга спыняцца – у пачатку красавіка пачнецца вясновая сесія ў беларускім парламенце, на якой Закон “Аб ахове здароўя” будзе разгледжаны ў другім чытанні.

“Гэта наш апошні шанс перад прыняццем гэтага Закона – цяпер, або гэта будзе адкладзена на нявызначаны час. У ідэале мы хочам унясення папраўкі ў Канстытуцыю аб тым, што дзіця мае права на абарону з моманту зачацця (такая норма зараз ёсць, напрыклад, у Канстытуцыі Венгрыі). Але мы будзем рэалістамі – так хутка Кантытуцыю ніхто не зменіць. Таму зараз мы кажам аб тым, што трэба быць больш жорсткімі ў адносінах да аборта, як паступілі ў Польшчы ў 1993 г. Калі будзе юрыдычнае пакаранне, людзі будуць ведаць, што нельга іх рабіць. Мы выступаем у ідэале за поўную забарону абортаў”, - лічыць Уладзіслаў Валаховіч.

Нягледзячы на паступовыя змены, у Беларусі статыстыка абортаў застаецца жудаснай. Па некаторых дадзеных, забіваецца 100 ненароджаных дзіцей кожны дзень, у абсалютнай большасці выпадкаў – па жаданню ўласнай жа маці. Беларусь да гэтай пары займае трэцяе месца ў свеце па колькасці абортаў. За апошнія 12 гадоў у краіне не з’явіліся на свет больш за 2,5 млн. чалавек, а фаза дэпапуляцыі (калі насельніцтва толькі памяншаецца) не перапыняецца. Таму ў вырашэнні гэтай праблемы павінны быць зацікаўлены ўсе і кожны з нас.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.