2014-03-12 11:51:26

Рэкалекцыі для Папы і Рымскай курыі: пакласці канец пошуку апладысментаў за дзейнасць Касцёла


RealAudioMP3 У Арыча, каля Рыму, працягваюцца “ватыканскія” рэкалекцыі, у якіх бярэ ўдзел папа Францішак. Кс. Анджэла Дэ Данаціс, які вядзе духоўныя практыкаванні, 11 сакавіка 2014 г. казаў пра складанасці чалавека, які ўвесь час мае патрэбу ў імпульсе Святога Духа для захавання сваёй цэласнасці. Святар параўнаў чалавека са спелым гранатам, які складаецца з мноства дробных насенняў. Да таго часу, пакуль ў ім дыхае Дух, ён з’яўляецца адзіным цэлым а, калі гэта дыханне спыняецца, розныя насенні, элементы чалавечай асобы, пачынаюць смяротнае суперніцтва.

Кс. Дэ Данаціс казаў пра гэта, спасылаючыся на евангельскую гісторыю пра маладога чалавека, апантанага легіёнам дэманаў. Ён таксама адзначыў паставу ўладальнікаў статка свіней, які пад уплывам дэманаў кінуўся ў мора. Гэтыя людзі бачаць толькі свае страты, не заўважаюць вызвалення чалавека, адзначыў рэкалекцыяніст. Іх стаўленне ён параўнаў з сучаснай язычніцкай эканамічнай ідэалогіяй.

Гэта разважанне было звязана з папярэднім, у якім кс. Дэ Данаціс гаварыў пра суадносіны паміж дзеяннямі чалавека і Божай ласкай. Ён адзначыў, што наша задача палягае на дэманстрацыі свету не спраў Касцёла, а таго, што праз Касцёл робіць Бог. Ён выказаў здзіўленне тым, што хоць Касцёл робіць столькі добрых рэчаў, людзі не славяць за іх Бога. “Зразумела, што тут нешта не так. Мы павінны пакласці канец пошуку апладысментаў і абуджэнню клерыкальнай зайздрасці”, - сказаў прапаведнік падчас велікапостных рэкатекцый для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.