2014-03-12 12:49:09

Ватыканскі кардынал пра адмысловую канцэпцыю “сакральнасці” папства


RealAudioMP3 Францішак на працягу года свайго пантыфікату здзейсніў рэвалюцыю ў адносінах паміж Папам і вернікамі. Гэта адбылося з дапамогай адмысловай канцэпцыі “сакральнасці” папства, якая выражаецца ў рэальнай блізкасці да народа, як гэта было ў выпадку Езуса. Фрэнцішак адмовіўся ад ідэі “сакральнасці”, згодна з якой Святы Айцец, гэта хтосьці ўзнесены на п’едэстал і спускаецца адтуль да ўсіх у акце дабрыні. Такое меркаванне выказаў кардынал Франчэска Кокапальмерыё ў інтэрв’ю італьянскаму агенцтву “ANSA”.

Старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў звярнуў увагу, што з абраннем Францішка ў Касцёл прыйшоў перыяд абмеркаванняў. Ён падкрэсліў, што свабода абмену думкамі не кідае выкліку касцёльнаму вучэнню. “Гаворачы тое, што думаем, мы не робім выгляд, што праблем не існуе, так як у выпадку з разведзенымі, якія жывуць у новых саюзах”, - сказаў кардынал Кокапальмерыё. Паводле яго слоў, яшчэ адной навінкай з’яўляецца той факт, што, магчыма, папства ўжо не будзе насіць пажыццёвы характар. “Кожны будзе прымаць рашэнне ў адпаведнасці са сваім сумленнем”, - патлумачыў італьянскі кардынал, маючы на ўвазе Пантыфікаў.

Іерарах таксама падкрэсліў сардэчнасць, з якой Францішак ставіцца да простых людзей, што робіць вялікае ўражанне на кардыналах. “Гэта не вывучаная зычлівасць, але дзяленне верай у Езуса і вынікаючай з яе любоўю да людзей”, - падкрэсліў ён. Кардынал выказаў перакананне, што гэта пастава ўжо прыносіць плёны ў якасці адраджэння веры ў Касцёле.

Кардынал Кокапальмерыё вядомы сваёй прапановай увядзення новай функцыі “мадэратара Рымскай курыі” у рамках рэформ, чаканых ад бягучага пантыфікату. Калі яго спыталі аб гэтых справах, італьянскі пурпурат адзначыў, што Апостальская канстытуцыя “Pastor Bonus” з’яўляецца добрым дакументам. Такім чынам, у рэформе гаворка не ідзе пра яе поўную перабудову, але пра абнаўленне. Асабліва важным з’яўляецца большае акцэнтаванне сінадальнасці або калектыўнай рэфлексіі і прыняццю рашэнняў у Касцёле. Рэформа можа ў некаторай ступені палепшыць атмасферу ў Рымскай курыі і рацыяналізаваць яе працу, але большасць залежаць ад саміх людзей і ад іх прафесійнай і духоўнай фармацыі, лічыць старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.