Стала вядома папярэдняя
праграма падарожжа Папы ў Паўднёвую Карэю. Францішак наведае гэту азіяцкую краіну
14-18 жніўня 2014 г. Там ён прыме ўдзел ва ўрачыстасцях Дзён азіяцкай моладзі і ўзначаліць
беатыфікацыю групы карэйскіх мучанікаў. Старшыня мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, біскуп
Петэр Канг Ю-іль абвясціў, што выбар падзеленай на дзве часткі Карэі ў якасці першай
азіяцкай краіны, якую наведае Папа, з’яўляецца “відавочным выразам яго імкнення да
міру”. Францішак “жадае маліцца з маладымі азіятамі, каб яны сталі апосталамі прымірэння
ва ўсім свеце”, адзначыў іерарх. Пантыфік прыбудзе ў Сеул у чацвер, 14 жніўня. У аэрапорце
яго прывітае Прэзідэнт краіны Пак Кын Хе, пасля чаго яна прыме госця ў прэзідэнцкім
палацы. На наступны дзень Папа сустрэнецца з маладымі католікамі Азіі ў марыйным санктуарыі
ў Сальмэ, пасля чаго адправіць св. Імшу на стадыёне ў Тэджон, пабудаваным на Чэмпіянат
свету па футболе ў 2002 г.
У суботу 16 жніўня пройдзе беатыфікацыя Паўла Юн
Джы-Чунга і 123 яго паплечнікаў, мучанікаў XVIII і XIX ст. Месца ўрачыстасці пакуль
не вызначана: гэта можа быць лётнае поле або плошча Кванхвамун у Сеуле. У другой палове
дня Францішак наведае “Раён кветак” у Ымсон, адну з самых вядомых дабрачынных каталіцкіх
ініцыятыў у Карэі – дом для інвалідаў і бяздомных.
Пакуль няма праграмы на
нядзелю 17 жніўня, але вядома, што 18 жніўня, перад вылетам у Рым, Францішак узначаліць
урачыстую св. Імшу падзякі ў сеульскай катэдры ў інтэнцыі ўсяго Карэйскага паўвостраву.
Чакаецца, што ён скіруе пасланне міру Паўночнай Карэі і будзе маліцца за паяднанне
карэйскага народа.