2014-03-11 12:42:00

Святар-пастулятар перасцярог суайчыннікаў ад “паланізавання” Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 Мы перажываем перыяд святасці папства, лічыць кс. Славамір Одэр, пастулятар у кананізацыйным працэсе бл. Яна Паўла II. У гутарцы з журналістамі 10 сакавіка 2014 г. у Варшаве ён перасцярог ад “паланізавання” Папы паляка праз яго суайчыннікаў, падкрэсліўшы, што людзі з самых аддаленых куткоў свету кажуць пра Яна Паўла ІІ – “наш Папа”. Кс. Одэр узяў удзел у прэзентацыі сваёй кнігі “Я быў з вамі. За кулісамі кананізацыйнага працэсу Яна Паўла II”. Гэта запіс гутаркі, якую з польскім святаром правёў Саверына Гаэта, італьянскі журналіст, які спецыялізуецца на пытаннях рэлігіі.

Па словах святара-пастулятара, мы жывём у эпоху хараства папства. Таму, на яго думку, маючая адбыцца кананізацыя Яна XXIII і Яна Паўла II, пад кіраўніцтвам папы Францішка і з магчымым удзелам Бэнэдыкта XVI, павінна быць падставай, каб дзякаваць Богу за гэты дар. Ён абвяргае меркаванне, што сумесная кананізацыя двух Пантыфікаў з’яўляецца спробай “прымірыць” некаторыя фракцыі ў Касцёла або паменьшыць важнасць аднаго з іх.

Падчас беатыфікацыйнага працэсу, мэтай якога было рашэнне аб гераічнасці цнотаў Караля Вайтылы, свае паказанні далі 120 чалавек, распавёў польскі святар. У справе невытлумачальнага вылячэння французскай законніцы Мары Сімон П’ер ад хваробы Паркінсана, што стала вырашальным для завяршэння працэсу беатыфікацыі, было заслухана 18 сведкаў. 15 чалавек сведчылі аб цудоўным вылячэнні Фларыбэт Мора Дыяс з Коста-Рыкі, якая пакутавала ад неаперабельнай анеўрызмы галаўнога мозгу. Гэта справа, у сваю чаргу, стала вырашальнай для кананізацыі Яна Паўла II.

Як прызнаўся кс. Одэр, пасля смерці Яна Паўла II было вельмі шмат вылячэнняў ад раку, але яны не былі прынятыя пад увагу ў працэсе, таму што адным з патрабаванняў з’яўляецца стабільнасць і незваротнасць вылячэння. У выпадку рака, дзе ёсць магчымасць рэмісіі, такое рашэнне немагчыма, паколькі павінна прайсці каля 8-10 гадоў.

Кс. Славамір Одэр з’яўляецца старшынёй Звычайнага суда Рымскай дыяцэзіі. Пасля смерці Яна Паўла II ён атрымаў мандат пастулятара ў працэсах яго беатыфікацыі і кананізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.