2014-03-11 11:08:46

Падарожжа ў Карэю – прыярытэт пантыфікату Францішка


RealAudioMP3 Пастырскае падарожжа папы Францішка ў Азію з пачатку пантыфікату займала самую высокую пазіцыю ў спісе яго прыярытэтаў. Некалькі разоў за апошнія месяцы гаворка заходзіла аб Карэі – менавіта такую назву выкарыстоўваў Пантыфік, не падзяляючы краіну на Паўднёвую і Паўночную часткі. У сваім звароце да дыпламатаў на пачатак 2014 г. ён выказаў надзею на прымірэнне ўсяго карэйскага народа. 10 сакавіка 2014 г. было афіцыйна абвешчана аб візіце Святога Айца ў гэту краіну 14-18 жніўня 2014 г. Ён будзе звязаны з Азіяцкімі днямі моладзі, якія пройдуць на тэрыторыі дыяцэзіі Тэджон. Дакладны маршрут пакуль што невядомы, але кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што Папа несумненна наведае Сеул і сустрэнецца з Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі. Апрача таго, Францішак узначаліць цырымонію беатыфікацыі групы карэйскіх мучанікаў, якія загінулі за веру ў перыяд з1791 па 1888 гг.

Адна са св. Імшаў, якія ўзначаліць Пантыфік, будзе цэлебравацца за паяднанне карэйскага народа, паведамілі прадстаўнікі мясцовага Касцёла. Арцыбіскуп Сеула, кардынал Андру Ём Су Чжун, выказаў спадзяванне, што папскае падарожжа прынясе мір і паяднанне на Карэйскі паўвостраў і “стане магчымасцю для ўсёй Азіі пазнаць спакой Хрыста”.

Паводле ватыканскай статыстыкі, на 48 млн. жыхароў Паўднёвай Карэі прыходзіцца 5 млн. католікаў. Для Паўночнай часткі краіны статыстычны штогоднік не прыводзіць ніякіх дадзеных.

Падарожжа ў Карэю стане трэцяй замежнай паездкай 77- гадовага Пантыфіка. Каб трапіць з Рыма ў Сеул, яму трэба будзе пераадолець на самалёце 9 тыс. км.







All the contents on this site are copyrighted ©.