2014-03-10 10:44:41

Сакратар Пантыфіка: Папа моліцца на ружанцы каля трох разоў у дзень


RealAudioMP3 Папа Францішак моліцца на ружанцы каля трох разоў на дзень, сказаў асабісты сакратар Пантыфіка мальтыйскі святар кс. прэлат Альфрэд Хуэрэб, нядаўна прызначаны генеральным сакратаром новастворанага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён адзначыў, што на працягу працоўнага дня Пантыфік “не губляе ні хлівіны”. “Ён працуе нястомна. А калі адчувае патрэбу ў тым, каб зрабіць паўзу, не закрывае вочы ў бяздзеянні, але сядае і моліцца на ружанцы”, - падзяліўся святар і дадаў, што гэта, паводле слоў самаго Папы, дапамагае яму адпачыць. Затым Пантыфік працягвае прымаць людзей. Кс. Хуэрэб нагадаў, што Францішак прачынаецца вельмі рана, моліцца і рыхтуе гамілію, якую плануе прамовіць падчас ранішняй Эўхарыстыі. Пасля гэтага піша лісты, звоніць па тэлефоне, вітаецца з персаналам Дома св. Марты і цікавіцца як пажываюць іх сем’і.

Кс. Альфрэд Хуэрэб, які быў таксама другім асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI, распавёў пра сваю першую сустрэчу з Францішкам. Разам з Папам на пенсіі ён пакінуў Апостальскі палац 28 лютага 2013 г. Але адразу пасля абрання Біскупам Рыма кардынала Берголіа, яго папрасілі, як мага хутчэй, прыбыць у Дом св. Марты. Справа ў тым, што новаабраны Пантыфік не меў асабістага сакратара і нават шматлікую карэспандэнцыю яму прыходзілася разбіраць самаму.

15 сакавіка 2013 г., па прыбыцці ў Ватыкан, кс. Хуэрэб быў запрошаны ў прыватны кабінет Святога Айца. Той трымаючы ў руках ліст паперы, прывітаў святара ўсмешкай і словамі: “Тут у нас праблемы! Хтосьці не вельмі добра казаў пра цябе!”. На самой справе Францішак жартаваў, бо меў у руках рэкамендацыю ад Бэнэдыкта XVI, у якое пералічваліся заслугі яго былога сакратара. Кс. Хуэрэб расказаў, што папа Францішак прапанаваў яму сесці побач і папрасіў дапамагаць у выкананні яго цяжкага задання.

Асабісты сакратар двух апошніх Папаў, адзначыў, што Францішак бачыць у асобе Бэнэдыкта XVI сапраўдны і незаменны дар. “Было б вялікай памылкай не звяртацца да гэтай крыніцы мудрасці і досведу”, - перакананы кс. Альфрэд Хуэрэб. Сам ён лічыць Святога Айца “класічным місіянерам”, які ідзе сярод людзей і знаёміць іх з Евангеллем і Езусам Хрыстом.








All the contents on this site are copyrighted ©.