2014-03-09 13:31:32

Францішак: Вялікі пост – гэта добрая нагода да навяртання (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Час Вялікага посту з’яўляецца добрай нагодай для ўсіх нас, каб ажыццявіць шлях навяртання”, - сказаў папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 9 сакавіка 2014 г. “Адновім абяцанні нашага Хросту: адмовімся ад сатаны і ад ўсіх яго дзеянняў і спакусаў, каб пайсці па шляху Бога і “ў радасці Святога Духа прыбыць да святаў Пасхі”, заклікаў Пантыфік. “Евангелле першай нядзелі Вялікага Посту – сказаў Папа – кожны год расказвае пра эпізод спакушання Езуса, калі Святы Дух, які сышоў на Яго пасля хросту ў Ярдане, прымушае Яго змагацца з сатаной, на працягу сарака дзён на пустыні, перад пачаткам Яго публічнай місіі. Спакушальнік імкнецца адцягнуць Езуса ад плану Айца, менавіта ад шляху ахвяравання сябе, ад любові, якую Ён ахвяроўвае з сябе самога дзеля адкуплення, і прапануе Хрысту ўзняць лёгкі шлях: поспехаў і ўлады. Змаганні Езуса з сатаной праходзяць з дапамогай цытатаў са Святога Пісання. Д’ябал, каб завярнуць Езуса з дарогі крыжа, прапануе Яму ілжывыя месіянскія надзеі: эканамічны дабрабыт, калі Ён пераменіць камяні ў хлеб; захапляючы і цудоўны стыль жыцця, калі Езус кінецца ўніз з найвышэйшага пункту іерусалімскай святыні і калі збавяць Яго анёлы; і ў канцы валадарствы свету і славу іх, ў абмен, калі Хрыстус упадзе і паклоніцца сатане. Гэта тры групы спакусаў, якія ўсе мы добра ведаем.

Езус рашуча адкінуў усе гэтыя спакусы і падкрэсліў цвёрдую волю, каб ісці шляхам, вызначаным Нябесным Айцом, без якіх-небудзь кампрамісаў з грахом і з логікай свету. Заўважце добра як адказвае Езус: Ён не вядзе дыялога з сатаной, як гэта ўчыніла Ева у зямным раі. Езус ведае добра, што з сатаной не трэба размаўляць, бо ён занадта хітры. Таму Езус , замест дыялогу, які вяла Ева, вырашыў схавацца ў Божым Слове і адказвае з сілай гэтага Слова. Будзем памятаць аб гэтым у момант спакусаў, нашых спакусаў: ніякіх спрэчак з сатаной, але заўсёды будзем бараніцца Словам Божым. І Яно нас збавіць. У сваіх адказах сатане Пан – прымяняючы Слова Божае – нагадвае нам, перад усім пра тое, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4); і гэта дае нам сілу, падтрымлівае нас у барацьбе з ментальнасцю гэтага свету, які зводзіць чалавека да ўзроўню асноўных патрэбаў, у выніку чаго ён губляе голад таго, хто з’яўляецца праўдзівым, добрым і прыгожым – голад Бога і Яго любоў. Акрамя таго Хрыстус нагадвае, што “напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго” (Мц 4,7), таму што шлях веры праходзіць таксама праз цемру, сумненні і насычаецца настойлівым цярпеннем і чаканнем. Езус нагадвае ўканцы, што напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць” (Мц 4,10); значыць мы павінны вызваліцца ад ідалаў, марнасцяў і будаваць сваё жыццё на тым, што істотнае.

Гэтыя словы Езуса знойдуць пазней канкрэтнае пацверджанне ў Яго ўчынках. Яго абсалютная вернасць плану любові Айца прывядзе Яго, прыблізна праз тры гады, да канчатковага змагання з “князям гэтага свету” (Ян 16,11), у гадзіне мукі і крыжа, і там Езус пакажа сваю канчаткову перамогу, перамогу любові.

Дарагія браты і сёстры, час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльнай нагодай для ўсіх нас, каб ажыццявіць шлях навяртання, шчыра паразважаць над гэтай старонкай Евангелля. Адновім абяцанні нашага Хросту: адмовімся ад сатаны і ад ўсіх яго дзеянняў і спакусаў, таму што ён спакушальнік, каб пайсці па шляху Бога і “ў радасці Святога Духа прыбыць да святаў Пасхі” (Orazione colletta della I Dom. di Quaresima Anno A).

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік нагадаў вернікам пра заклік міжнароднага “Caritas” пра яго кампанію супраць голаду ў свеце. Папрасіў таксама малітваў за сябе і супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія прымуць удзел у тыднёвых рэкалекцыях, якія пачнуцца сёння вечарам у мястэчку Арыча, недалёка ад Кастэль-Гандольфа, прыкладна ў 30 км ад Рыма.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.