2014-03-08 10:32:51

Бэнэдыкт XVI заўсёды лічыў Яна Паўла ІІ святым


RealAudioMP3 “Мае ўспаміны пра Яна Паўла ІІ поўныя ўдзячнасці”, - прызнаўся Бэнэдыкт XVI. Ён адзначыў, што ніколі не імкнуўся пераймаць паводзіны свайго папярэдніка, а толькі развіваць яго спадчыну і працягваць яго дзейнасць найлепшым чынам. Сваімі разважаннямі Папа на пенсіі падзяліўся ў інтэрв’ю для кнігі “Побач з Янам Паўлам ІІ” італьянскага выдавецтва “Edizioni Ares”, у якой былі сабраны ўспаміны паплечнікаў і сяброў благаслаўлёнага Пантыфіка. Бэнэдыкт XVI расказаў, што лічыў Яна Паўла II святым яшчэ будучы яго блізкім супрацоўнікам, а з цягам часу гэта перакананасць у ім працягвае ўмацоўвацца. “Я упэўнены, што яшчэ сёння яго дабрыня мяне суправаджае, а благаслаўленне абараняе”, - сказаў Папа на пенсіі.

На думку Бэнэдыкта XVI, Ян Павел ІІ ніколі не шукаў пахвалы і апладысментаў і не аглядаўся навокал, каб паглядзець, як будуць прымацца яго рашэнні. Ён дзейнічаў паводле сваёй веры і перакананняў, а таксама быў гатовы да крытыкі. Паводле Бэнэдыкта XVI, такая мужнасць перад абліччам праўды, з’яўляецца першасным крытэрыем святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.