2014-03-07 10:49:52

Старшыня беларускага епіскапату: мы вельмі перажываем за тое, што адбываецца ва Украіне


RealAudioMP3 Беларускія католікі малітвай падтрымліваюць мір ва Украіне, запэўніў біскуп Аляксандр Кашкевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. “Мы вельмі перажывае за тое, што там адбываецца, і молімся за ўкраінцаў”, - сказаў ён інфармацыйнаму агенцтву “KAI”. “У нашы малітвы мы ўключаем асабліва тых, хто падчас падзей на кіеўскім Майдане заплаціў самую высокую цану жыцця. Мы б хацелі, каб у канфлікце не пацярпеў сам украінскі народ, каб ён мог нармальна адчуваць сябе і жыць у сям’і еўрапейскіх народаў”, - сказаў Біскуп Гродзенскі. Ён нагадаў, што па ініцыятыве епіскапату 23 і 28 лютага 2014 г. у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі былі абвешчаны днямі посту і малітвы за ўкраінскі народ.

Беларускія католікі працягнуць малітву за мір ва Украіне падчас Вялікага посту, заявіў у інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Мы славянскія народы, мы звязаны паміж сабой, мы суседзі. Нас звязвае нават адзіная магутная рака Днепр, у водах якой мы прынялі хрост. Мы павінны таксама імкнуцца да гэтай хрысціянскай еднасці, узаемаразумення”, - сказаў ён. Малітва за Украіну, па яго словах, “гэта вельмі добрая нагода звярнуць увагу на праблему”, вырашэнне якой “нельга пакінуць толькі палітыкам і эканамістам”. Толькі “калі ўсе намаганні з розных бакоў будуць памножаны на малітву, прыйдзе добры вынік”, выказаў перакананне іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.