2014-03-07 12:25:09

Папа: хрысціянства – гэта не звод бяздушных правіл або даведнік фармальных абрадаў


RealAudioMP3 Вера цесна звязана з міласэрнасцю да бедных, без якой яна становіцца проста крывадушнасцю, лічыць Святы Айцец. Ён узначаліў 7 сакавіка 2014 г. Эўхарыстыю ў Доме св. Марты. Хрысціянства не з’яўляецца зводам бяздушных правіл або даведнікам фармальных абрадаў для людзей, якія носяць міну крывадушнасці, каб схаваць сэрца, апустошанае з міласэрнасці. Хрысціянства – гэта цела Хрыста, які нахіляецца над пакутуючымі, не саромеючыся іх, адзначыў Францішак у сваёй гаміліі. Ён прывёў прыклад фарысеяў, якія замянілі выкананне запаведзяў у “фармальнасць”, ператвараючы “рэлігійнае жыццё” у “этыку”, забываючыся пра “гісторыю збаўлення”. Пантыфік назваў “спецыялістамі па этыцы” тых вернікаў, якія, атрымаўшы Божую любоў і тоеснасць Божана народу, затым ператварылі яе ў этыку без любові. Часта яны робяць гэта з добрымі намерамі, шмат працуючы, але яны згубілі самае галоўнае, пачуццё прыналежнасці да Божага народу, сэнс збаўлення.

Францішак нагадаў пра сапраўдны сэнс посту. Ён спаслаўся на прарока Ісаю, які выступаў супраць крывадушнасці некаторых з тых, што посцяць. Сапраўдная мэта посту – “разарваць кайданы беззаконня”, “адпусціць на свабоду прыгнечаных”, “дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў”, “калі ўбачыш голага, апрануць яго”. Папа назваў гэта “постам дабра”. Хрысціянская святасць, паводле яго, ляжыць у клопаце пра цела бліжняга і Хрыста, не чакаючы нічога ўзамен.

Ён запрасіў кожнага верніка задаць сабе пытанні пра яго стаўленне да бліжняга і заклікаў не саромецца і не баяцца непасрэдна дакрануцца да яго праблем.







All the contents on this site are copyrighted ©.