2014-03-07 15:23:21

Афіцыйна абвешчана дата Сусветных дзён моладзі ў Кракаве


RealAudioMP3 Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г., абвясціў 7 сакавіка 2014 г. афіцыйна кардынал Станіслаў Дзівіш падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Гэты тэрмін быў зацверджаны папам Францішкам. У лістападзе мінулага года арцыбіскуп Кракава ўжо заяўляў, што Папская рада па справах свецкіх і арганізатары папскіх пілігрымак прапанавалі менавіта гэты тэрмін. Як падкрэсліў тады кардынал, з летніх месяцаў найлепшым для правядзення мерапрыемства з’яўляецца менавіта ліпень, таму што ў жніўні ў Польшчы адбываюцца пілігрымкі ў Чэнстахову.

Ужо праз некалькі тыдняў пасля заканчэння Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра сакратар Папскай рады па справах свецкіх, біскуп Ёзэф Клеменс, заявіў, што Святы Пасад і арганізатары кракаўскага моладзевага форуму пачалі падрыхтоўчыя працы. Іерарах з’яўляецца адказным за Сусветныя дні з ватыканскага боку. Праграма духоўнай падрыхтоўкі разлічана на тры гады. У Пальмовую нядзелю, 13 красавіка 2014 г., маладыя бразільцы перададуць сваім польскім калегам крыж Сусветных дзён моладзі і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”, а кананізацыя Яна Паўла II у Нядзелю Божай Міласэрнасці, паводле біскупа, дасць новы імпульс для падрыхтоўкі форуму.

28 ліпеня 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра стала вядома, што для правядзення наступных Сусветных дзён моладзі быў абраны польскі Кракаў. Кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі, на працягу некалькіх гадоў намагаўся правесці моладзевы форум на радзіме Яна Паўла ІІ, бо лічыць, што гэта ініцыятыва нарадзілася менавіта падчас “кракаўскага перыяду” служэння благаслаўлёнага Пантыфіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.