2014-03-06 12:53:12

Святы Айцец: без крыжа не можа быць хрысціянскага стылю


RealAudioMP3 Сціпласць, пакора і шчодрасць – гэта элементы хрысціянскага стылю, шляху які праходзіць праз крыж і вядзе да радасці, перакананы папа Францішак. 6 сакавіка 2014 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты Пантыфік пахіліўся над словамі Евангелля паводле св. Лукі: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною”. На гэтым, паводле Святога Айца, палягае “хрысціянскі стыль”. Яму ўласцівы шлях пакоры, прыніжэння, адрачэння ад самаго сябе. Без крыжа не можа быць хрысціянскага стылю, таксама як без Езуса не існуе хрысціянскага крыжа, падкрэсліў Пантыфік.

На думку Францішка, гэты шлях крыжа прыносіць збаўленне і радасць, таму што на ім, па прыкладзе Езуса, чалавек адмаўляецца ад сябе, каб даць жыццё іншым. Гэты шлях накіраваны супраць эгаізма і даступны для ўсіх. “У гэтым наша радасць і плённасць: ісці з Езусам”, - сказаў Папа. “На пачатку Вялікага посту папросім Пана навучыць нас гэтаму хрысціянскаму стылю служэння, радасці, адрачэння ад саміх сябе і плённасці з Ім”, - заклікаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.