2014-03-05 11:18:09

Пантыфік на пачатак Вялікага посту: наша навяртанне – адказ на любоў Бога


RealAudioMP3 Наша навяртанне з’яўляецца ўдзячным адказам на цудоўную таямніцу любові Бога, сказаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 5 сакавіка 2014 г., у Папяльцовую сераду, якая распачынае Вялікі пост. Пантыфік назваў гэты перыяд “моцным часам”, які можа паспрыяць перамене і навяртанню, неабходным для выхаду з прывычнай стомленнасці і лянівай прывязанасці да зла. “Падчас Вялікага посту Касцёл скіроўвае да нас два важных заклікі: ажывіць у сабе ўсведамленне збаўчай дзейнасці Хрыста і больш актыўна жыць уласным хростам”, - сказаў Папа. “Усведамленне цудаў, якія Пан учыніў для нашага збаўлення адкрывае наш розум і сэрца на ўдзячныя адносіны да Бога, за тое, што Ён нам падарыў, за ўсё тое, што здзяйсняе на карысць свайго народа і ўсяго чалавецтва. Адсюль пачынаецца наша навяртанне: яно з’яўляецца ўдзячным адказам на цудоўную любоў Бога”, - сказаў Папа.

Глыбока жыць уласным хростам, паводле Святога Айца, азначае не прызвычайвацца да гора і беднасці, з якімі сустракаемся, праходзячы дарогамі нашых гарадоў і краін.

“Існуе рызыка пасіўнага прыняцця некаторых паводзінаў і адсутнасці здзіўлення перад абліччам сумных рэалій, якія нас акружаюць. Мы прызвычайваемся да насілля, нібыта яно з’яўлецца звычайнай штодзённай навінай; мы прызвычайваемся да братоў і сясцёр, якія спяць на вуліцы, не маючы даху над галавой. Мы прызвычайваемся да бежанцаў, якія шукаюць свабоды і годнасці, а іх не прымаюць належным чынам. Мы прызвычайваемся жыць у грамадстве, якое імкнецца станавіцца менш Божым, у якім бацькі не вучаць дзяцей маліцца і рабіць знак крыжа. Гэтая прывязанасць да нехрысціянскіх паводзінаў і камфорту наркатызуе наша сэрца!”, - сказаў Францішак.

У гэтым кантэксце, на думку Пантыфіка, Вялікі пост з’яўлецца адмысловым часам, для таго, каб аднавіць здольнасць рэагаваць на рэчаіснасць зла, якое нам пастаянна кідае выклік.

“Вялікі пост трэба пражыць як час навяртання, асабістага і супольнага абнаўлення праз набліжэнне да Бога, і даверлівага прыняцця Евангелля. Ён дазваляе таксама глядзець новымі вачыма на братоў у патрэбе. Таму час Вялікага посту – гэта спрыяльны момант навяртання да любові да бліжняга; любові, здольнай прымаць паводзіны бескарыслівасці і міласэрнасці Бога, які “стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”. Разважаючы над цэнтральнымі таямніцамі веры, мукі, крыжа і ўваскрасення Хрыста, будзем усведамляць, што бязмежны дар Адкуплення быў дадзены нам па бескарыслівай ініцыятыве Бога”, - заклікаў Папа.

Паводле Святога Айца, важнымі складаючымі Вялікага посту з’яўляюцца удзячнасць Богу, сапраўдная вера, навяртанне і сардэчная адкрытасць на братоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.