2014-03-05 12:59:34

Былы сакратар Бэнэдыкта XVI узгадаў падрабязнасці яго адстаўкі


RealAudioMP3 Кс. Альфрэд Хуэрэб, які днямі быў прызначаны папам Францішкам генеральным сакратаром новастворанага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, успрымае Пантыфіка як адкрытага лідэра. Ён “як кіраўнік вельмі рашучы”, сказаў святар у інтэрв’ю, апублікаваным 4 сакавіка 2014 г. італьянскім часопісам “Oggi”, з нагоды першай гадавіны выбару Францішка, якая будзе адзначацца 13 сакавіка. Папа вельмі заклапочаны тым, каб “памылкі з мінулага не паўтараліся не толькі падчас яго знаходжання на пасадзе, але і ў будучыні”, прызнаўся былы асабісты сакратар Папы на пенсіі.

Аб планах адстаўкі Бэнэдыкта XVI кс. Хуэрэб, па яго ўласных словах, даведаўся незадоўга да афіцыйнага абвяшчэння. “Па тым, як ён гэта сказаў, стала ясна – гэта беспаваротнае рашэнне”, - прызнаўся паходзячы з мальты святар. “Спантанна, я хацеў сказаць яму, што ён павінен падумаць яшчэ раз, але я не зрабіў гэтага. Хто ведае, як глыбока ён гэта абдумаў і як інтэнсіўна ён маліўся за гэта?”, - дадаў былы асабісты сакратар.

У інтэрв’ю кс. Хуэрэб пацвердзіў, што першая размова Бэнэдыкта XVI і яго новаабранага пераемніка адбылася 13 сакавіка 2013 г. увечары. Ён сам прыняў у Кастэль Гандольфа тэлефанаванне ад Францішка і перанакіраваў яго Бэнэдыкту XVI. “Калі я пачуў, што Бэнэдыкт XVI назваў Францішка “Ваша Святасць”, у мяне ўзнікла пачуццё яго пакоры і велічы”, - прызнаўся святар.

У той вечар, па словах кс. Хуэрэба, Папа на пенсіі падзякаваў новаабранаму Пантыфіку за тое, што ён згадаў яго ў сваім першым прывітальным слове з лоджыі базылікі св. Пятра і сказаў яму: “З гэтага часу я абяцаю маю паслухмянасць і малітву”.








All the contents on this site are copyrighted ©.