2014-03-04 12:13:31

Папа: сёння больш мучанікаў, чым у першыя гады Касцёла


RealAudioMP3 Крыж заўсёды застанецца хрысціянскім шляхам, падкрэсліў папа Францішак. У сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 4 сакавіка 2014 г. ён засяродзіўся на пераследзе хрысціян і папярэдзіў, што сёння больш мучанікаў, чым у першыя гады існавання Касцёла. Хрысціянскае жыццё, адзначыў Пантыфік, гэта не нейкі праект, а наследаванне Езуса. Святы Айцец звярнуўся да пытання Пятра да Езуса, што вучні атрымаюць за тое, што пайшлі за Ім? Хрыстус вельмі “шчодры”, заўважыў Папа, Ён абяцае “у сто разоў больш” за тое, што было пакінута. Магчыма, сказаў Святы Айце, Пётр адразу падумаў, што “ісці за Езусам” – гэта “добры бізнес”, таму што дазваляе атрымаць нашмат больш. Але Езус нішчыць ілюзіі, бо ў дадатак да ўсяго гэтага будзе пераслед. Гэта моц хрысціяніна, і гэта шлях таго, хто жадае наследаваць Хрыста, бо Ён сам прайшоў ім. Смерць Езуса на крыжы Пантыфік назваў “танальнасцю хрысціянскага жыцця”.

Паводле Святога Айца, свет пераследуе хрысціян, таму што не церпіць боскасці Хрыста, Яго Евангелля, Яго благаслаўленняў. Папа заклікаў памятаць не толькі пра мучанікаў першых вякоў хрысціянства, але і тых, хто загінуў за веру ў недалёкім мінулым і тых, хто гіне за яе цяпер. “Падумаем пра многіх хрысціян, якія яшчэ 60 гадоў таму гінулі ў лагерах, у турмах нацыстаў, камуністаў. Іх безліч!”, - сказаў Францішак і дадаў, што яны ўсе былі забіты толькі таму, што верылі ў Хрыста. Яшчэ больш драматычна, на думку Папы, усведамляць, што падобнае адбываецца і ў наш час. “І я кажу вам, што сёння больш мучанікаў, чым у першыя гады Касцёла”, - адзначыў ён і дадаў, што зараз у некаторых краінах хрысціяне нават не могуць мець у сябе Біблію і зрабіць публічна знак крыжа.

Але і ў такіх умовах, паводле Святога Айца, хрысціянскае жыццё прыносіць радасць, якая нараджаецца са знаходжання з Езусам. Папа заклікаў не забывацца пра тых братоў, якія “не могуць пайсці на св. Імшу, таму што гэта забаронена”. “Гэта - яшчэ раз падкрэсліў ён - адбываецца сёння”. “Ці мы гатовыя несці крыж як Езус, зносіць пераслед, каб даць сведчаньне Езуса?”, - спытаўся ў канцы сваёй гаміліі папа Францішак і дадаў, што кожнаму карысна задумацца аб гэтым.







All the contents on this site are copyrighted ©.