2014-03-04 14:46:49

Беларусь: прадстаўнік Святога Айца скіраваў словы ў сувязі са смерцю Рыгора Барадуліна


RealAudioMP3 “У той момант, калі Касцёл аддае апошнюю зямную пашану вялікаму паэту, давяраючы яго міласэрнай любові Бога, прагну і я маліцца разам з вамі”, - такія словы скіраваў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сувязі са смерцю Рыгора Барадуліна. Св. Імша ў інтэнцыі памерлага паэта была адпраўлена 4 сакавіка 2014 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены. “Глыбокае і тонкае мастацтва Рыгора Барадуліна – гэта голас маўклівай душы беларускага народа. У ім паэзія і духоўнасць яднаюцца ў моцных абдымках. Таму нерухомае маўчанне ягонага нежывога цела можна ўспрымаць як апошні жэст творчасці гэтага хрысціяніна і паэта”, - адзначыў іерарх. “Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мелодыі і дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосці”, - дадаў ён і нагадаў, што Народны паэт Беларусі прычыніўся да перакладу “Рымскага Трыпціха” Яна Паўла ІІ.

Прадстаўнік Святога Айца заклікаў беларусаў любіць сваіх творцаў – “вялікіх і шматлікіх”, бо яны вучаць уздымаць вочы ўгору, да Бога надзеі, абуджаючы сілы да штодзённага ўваскрасення.







All the contents on this site are copyrighted ©.