Кардынал Каспер: немагчыма рыхтаваць Сінод аб сям’і без уліку меркавання жанчын
“Роля жанчын у Касцёле
павінна разглядацца ў перспектыве сінадальнай дынамікі і місійнага навяртання ўказанага
Папам і ўключаццца ў іх”, адзначыў кардынал Вальтэр Каспер, галоўны дакладчык кансісторыя
на тэму сям’і, які прайшоў у Ватыкане 20-22 лютага 2014 г. У інтэрв’ю італьянскаму
выданню “Avvenire” пурпурат выказаў меркаванне пра тое, што жанчыны павінны быць больш
шырока ўключаны ў працу шэрагу ватыканскіх дыкастэрый. У першую чаргу гаворка ідзе
пра Папскія рады па справах сям’і, культуры, сродкаў масавай камунікацыі ці новай
евангелізацыі. Сёння прысутнасць жанчын тут нязначная і паводле слоў кардынала такая
сітуацыя з’яўляецца абсурднай.
Нямецкі іерарх перакананы, што да меркавання
жанчын трэба больш прыслухоўвацца і лічыцца з ім пры абмеркаванні актуальных пытанняў
звязаных з жыццём Касцёла і праблемамі грамадства. Ён адзначыў, што напрыклад, у працы
Сінодаў сёння жанчыны прысутнічаюць у малой колькасці і галоўным чынам у якасці слухачоў.
Дзе ці тры з іх выступаюць напрыканцы працаў форума, калі з прамовамі ўжо звярнуліся
ўсе іншыя. “І я пытаю сябе: як магчыма падрыхтаваць Сінод аб сям’і не ўключыўшы ў
гэту працу перш за ўсё жанчын? Без жанчын сям’і проста не існуе. Не мае сэнсу размова
пра сям’ю без слухання жанчын. Я думаю, што яны павінны быць пакліканы і выслуханы
ўжо зараз, на этапе падрыхтоўкі”, сказаў кардынал Каспер маючы на ўвазе падрыхтоўку
да Сінода Біскупаў па праблемах сям’і, які пройдзе ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане.
Кардынал
Каспер перакананы, што “багацце і інтуітыўныя здольнасці жаночага генія” фундаментальна
неабходныя ў розных галінах дзейнасці Касцёла. “Касцёл без жанчын – гэта нядзейснае
цела (...) Ці можам уявіць сёння супольнасці, дабрачынныя і культурныя структуры без
жанчын? Без іх парафіі б закрыліся ўжо заўтра”, - лічыць былы старшныя Папскай рады
спрыяння хрысціянскаму адзінству.