2014-03-01 12:12:24

Святы Пасад заклікае аказаць духоўную і матэрыяльную дапамогу хрысціянам Святой Зямлі


RealAudioMP3 Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў заклікае ўсе каталіцкія супольнасці ў свеце на працягу Вялікага посту выказаць асаблівую духоўную і матэрыяльную блізкасць да хрысціян, якія пражываюць у Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ватыканскай дыкастэрыі, разасланым усім дыяцэзіяльным біскупам. У дакуменце нагадваецца пра ўвагу Пантыфіка да праблем вернікаў у Сірыі, Іраку, Егіпце і іншых частках Святой Зямлі. Сёлетні збор ахвяраванняў “павінен быць больш шчодра падтрыманы душпастырамі і вернікамі ўсёй каталіцкай супольнасці”, гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што біскупы будуць паінфармаваны аб праектах, рэалізаваных на працягу 2013 г. Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў і францішканскай кустодыяй Святой Зямлі ў душпастырскай, адукацыйнай, медыцынскай і сацыяльнай сферах. Сярод іх важнае месца займае рэстаўрацыя базылікі Божага Нараджэння ў Бэтлееме, магчымая дзякуючы ў тым ліку ўкладу іншых хрысціянскіх канфесій і розных краін свету.

У пасланні Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў падкрэсліваецца, што прыярытэтным з’яўляецца клопат пра “жывыя камяні”, якімі з’яўляюцца вернікі. Таму сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку каталіцкіх навучальных устаноў, дапамогу бежанцам і ўсім, хто “стукае ў дзверы” хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама святарам, законнікам і законніцам, свецкім вернікам, які падвяргаюцца штодзённым выпрабаванням.








All the contents on this site are copyrighted ©.