2014-02-28 10:52:52

Папа сустрэўся з удзельнікамі міжрэлігійнай пілігрымкі ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся з групай прадстаўнікоў юдаізма, іслама і хрысціянства з Аргентыны, якія здзейснілі сумесную пілігрымку ў Святую Зямлю. Аўдыенцыя прайшла ў Доме св. Марты 27 лютага 2014 г. Міжрэлігійная група складалася з 45 чалавек у якую уваходзілі па 15 прадстаўнікоў кожнай з трох рэлігій. Тут былі рабіны, імамы і каталіцкія святары. На працягу апошніх дзён яны разам вандравалі па Іарданіі, Ізраілю і Палестыне – краінах, якія напрыканцы мая 2014 г. наведае сам Святы Айцец. Многія з удзельнікаў ініцыятывы ведалі Пантыфіка яшчэ да яго абрання на Пасад св. Пятра, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, і супрацоўнічалі з ім у сацыяльнай і дабрачыннай дзейнасці, а таксама ў сферы міжрэлігійнага дыялогу.

Падтрымліваючы сяброўства і духоўную блізкасць з папам Францішкам, рэлігійныя дзеячы вырашылі закончыць сваю пілігрымку ў Рыме, каб асабіста спаткацца з Пантыфікам, пажадаць яму поспехаў у служэнні на карысць міра і дыялога, а таксама ў хуткім пілігрымаванні на радзіму Езуса, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Сустрэча ў Ватыкане працягвалася каля гадзіны. Між іншых у ёй прынялі ўдзел кардынал Курт Кох, у якасці старшыні Камісіі па адносінах з юдаізмам і кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.