2014-02-28 14:29:39

Пантыфік правядзе свае першыя велікапостныя рэкалекцыі па-за Ватыканам


RealAudioMP3 Свае першыя велікапостныя рэкалекцыі ў якасці Біскупа Рыма папа Францішак вырашыў правесці па-за межамі Ватыкана. Яны адбудуцца 9-14 сакавіка 2014 г. ў мястэчку Арэчча, недалёка ад Кастэль-Гандольфа, пракладна ў 30 км ад Рыма. Пантыфік, а таксама іншыя ватыканскія іерархі, размесцяцца ў “Доме Боскага Настаўніка”, які з’яўляецца ўстановай манаскай Супольнасці святога апостала Паўла. Побач з гэтым месцам знаходзіцца возера Альбана і лес.

Паводле намесніка кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Чыра Бэнэдэцціні, рашэнне Святога Айца правесці рэкалекцыі па-за Ватыканам звязана з яго езуіцкай духоўнасцю. Ён нагадаў, што члены Таварыства Езуса праводзяць час рэкалекцый па-за месцам у якім пражываюць. Так працягне рабіць і папа Францішак.

Правядзе велікапостныя рэкалекцыі для Святога Айца і ватыканскіх іерархаў кс. Анджэла Дэ Данаціс, духоўны кіраўнік Папскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рыме, якую Францішак наведае 28 лютага 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.