Гэта была прыгожая гульня! У Беларусі завяршыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе
сярод святароў
У Беларусі 28 лютага
2014 г. завяршыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Раніцай
удзельнікі і госці сабраліся на св. Імшу, а напярэдадні вечарам ў Лідзе адбылася ўрачыстая
цырымонія закрыцця спаборніцтва. Кульмінацыяй стала ўзнагароджанне пераможцаў: чэмпіёнам
Еўропы стала каманда Польшчы! Яе спартсмены адразу ж падзяліліся сваімі ўражаннямі,
у якіх, што цікава, гонар за залатую ўзнагароду адышоў на другі план, прызнаўся польскі
святар Кшыштаф Басін. “Нам вельмі спадабалася ў Беларусі. Трэба адзначыць вельмі добрую
арганізацыю спаборніцства, добрыя людзі і добрая атмасфера панавала тут. Вельмі прыгожае
месца і прыгожыя спартыўныя комплексы. Такая сардэчнасць, шчырасць, усмешкі – мы запомнім
гэта надоўга. Рады, што маглі пазнаць гісторыю Беларусі – такіх гарадоў як Нясвіж,
Мір, Ліда. Мы прывязём добрыя ўражанні з Беларусі, вядома, і спартыўны вынік, які
для нас важны, але не найважнейшы”, - сказаў святар-футбаліст.
Больш за 170
святароў з 13 краін. Геаграфія спаборніцтва – ад Атантычнага акіяну да Чорнага і Каспійскага
мораў – у Беларусь прыехалі каманды з Партугаліі, Аўстрыі, Польшы, Харватыі, Румыніі,
Славакіі, Украіны, Венгрыі, Чарнагорыі і Казахстана. У двух спартыўных комплексах
Ліды ўсе былі роўныя – і вікарый, і пробашч, і нават біскуп. Удзельнікі венгерскай
каманды жартавалі – у нас на варотах стаіць біскуп, таму не прапусцім ніводнага мяча.
Жарты жартамі, але Венгрыя па выніках – на 9 месцы, і такі расклад не засмуціў таго
самага біскупа Ласла Кіш-Рыга. “Я не біскуп, які стаў футбалістам, а футбаліст, які
стаў біскупам. Гэта мой любімы від спорта, гэта маё хобі. Я проста атрымаў вялікае
задавальненне ад удзелу ў гэтым Чэмпіянаце”, - сказаў іерарх.
У беларускай
сборнай па міні-футболе, у якую ўвайшлі святары з чатырох дыяцэзій, былі свае намеры
на Чэмпіянаце. У еўрапейскую футбольную хвалю яны ўліліся некалькі гадоў таму, і
калі першы раз гулялі, нават у паўфінал не ўвыйшлі, але год ад году падымаліся ў турнірнай
табліцы. А дома, напэўна, і сцены павінны былі дапамагаць. Так і сталася – беларусы
прарваліся ў паўфінал і спыніліся ў адным кроку ад п’едэстала, заняўшы 4 месца. І
калі ў зале гаспадары турніру па-сапраўднаму спаборнічалі, то за межамі пляцоўкі гасцям
аказалі самы цёплы прыём. Арганізатарамі Чэмпіянату выступілі Каталіцкі Касцёл Беларусі
сумесна з Міністэрствам спорта і турызма.
Тут сышліся агульныя інтарэсы –
годна прадставіць краіну, з яе гісторыяй і магчымасцямі, а таксама моц мясцовага Касцёла,
які змог арганізаваць спаборніцтва міжнарожнага ўзроўню і праз спорт паказаць прыгажосць
рэлігійнага жыцця, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
які таксама быў удзельнікам беларускай каманды на гэтым Чемпіянаце. “Каталіцкі Касцёл
звяртае ўвагу на розныя галіны жыцця чалавека – культуру, мастацтва, навуку, а таксама
і спорт. Калі пачытаем апостала Паўла, то ён не аднойчы кажа пра спорт. Ён нагадвае
аб тым, што жыццё чалавека падобна да забега на стадыёне. Праз спорт мы сёння павінны
прыйсці ў тыя месцы, дзе няма Бога. Стадыёны сёння сталі новымі святынямі, але ці
прысутнічае там Бог? Ці добра сябе паводзяць заўзятары? Таму гэта яшчэ адзін спосаб
новай евангелізацыі. І таксама спосаб паказаць, што сапраўды ў здаровым целе – здаровы
дух”, - адзначыў іерарх.
І шматлікія ўдзельнікі Чэмпіянату гэта даказалі на
справе, бо вытрымаць некалькі гульняў, трэба быць у добрай спартыўнай форме. Сіл дадавалі
і здаровае спаборніцтва, і настрой, і падтрымка заўзятараў, якіх на трыбунах было
шмат. І не толькі з Ліды, ці вобласці, а з усёй краіны. Для спартыўных аматараў Чэмпіянат
стаў сапраўдна цікавай падзеяй, тым больш што праводзіўся ў Беларусі ўпершыню. А для
святароў – яшчэ адной, нештодзённай і нязвыклай, формай зносін з вернікамі, патлумачыў
капітан беларускай сборнай ксёндз Павел Салабуда. “Увогуле ў свеце вельмі шмат розных
чэмпіянатаў сярод святароў па розных відах спорту. І гэта – не навіна, а для Беларусі
пакуль гэта так. Мы звыкліся, што святар ці ў касцёле, ці недзе побач. А такія падзеі
– гэта форма жывых зносін з людзьмі. Тыя, хто дапамагаў нам у арганізацыі, таксама
адкрылі для сябе нешта і прызналіся, што не маглі ўявіць, што такімі пазітыўнымі могуць
быць святары”, - прызнаўся ён.
Дарэчы, пра правядзенне ў Беларусі Чэмпіянату
даведаўся Святы Айцец Францішак. “Папа ўспрымае з вялікай радасцю гэтую падзею сярод
прэзбітэраў розных краін, якія аб’яднаны перш за ўсё ласкай веры і служэннем Касцёлу,
а ў гэтыя дні і спартыўнымі мэтамі. Дадзенае мерапрыемства падкрэслівае каштоўнасць
цела, створанага Богам, і здаровае спаборніцтва як намаганне для дасягнення пэўнай
мэты з самаадданнем і ахвярнасцю. Гэта з’яўляецца цудоўнай магчымасцю, каб паказваць
радасць жыцця, якая вылучае хрысціян, а значыць таксама святароў”, - адзначыў Апостальскі
Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, зачытаўшы пасланне Пантыфіка на цырымоніі
закрыцця.
Трэба дадаць, што ўпершыню Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод
святароў прайшоў у Аўстрыі ў 2005 г. па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла, потым святары
– аматары гэтага віда спорту, аб’ядналіся ў розных краінах і стварылі аргкамітэт.
Турнір прымалі Польшча, Венгрыя. Цяпер у гэтым спісе і Беларусь. VIII Чэмпіянат Еўропы
па міні-футболе сярод святароў стаў гісторыяй, але шматлікія ўдзельнікі выказалі пажаданне
вярнуцца сюда яшчэ раз.