2014-02-26 11:19:56

Біскуп Юрый Касабуцкі прадстаўляе Беларусь на міжнародным форуме


RealAudioMP3 26 лютага 2014 г. у Санкт-Пецярбургу ў Прэзідэнцкай бібліятэцы адбудзецца IV Пленарнае пасяджэнне Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэту. Яго тэмай стане “Крызіс сям’і і праблема сіроцтва”. На пленуме будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні сучаснага грамадства, звязаныя з праблемай сіроцтва, крызісу сямейных каштоўнасцяў і становішчам дзяцей-інвалідаў у сферы сацыяльных адносін. Каталіцкі Касцёл у Беларусі на форуме будзе прадстаўляць біскуп Юрый Касабуцкі. Увогуле беларуская дэлегацыя тут будзе дастаткова вялікай: Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіць епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, беларускі Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў – прэсвіцер Віктар Куцько, Лютэранскую Царкву – пастар з Гродна Уладзімір Татарнікаў.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіць на асамблеі з дакладам, аб падрабязнасцях якога ён расказаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Я збіраюся зрабіць даклад на тэму працы з сіротамі. Мы ведаем, што ўсынаўленне або стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, гэта справа ня лёгкая. Не гледзячы на добрую падтрымку нашай дзяржавы, гэта ініцыятывы не ахоплівае вялікай колькасці дзяцей, толькі невялікі іх працэнт. У сваім дакладзе я хацеў бы звярнуць увагу на адзін з такіх праектаў, які рэалізоўваецца ў Беларусі, гэта стварэнне так званых SOS-дзіцячых вёсак. У адной з іх у Гомелі працуюць нашы манахіні бэнэдыктынкі. І гэты праект варты ўвагі”, - сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

У пленуме прымуць удзел таксама Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату; Апостальскі нунцый у Расіі, арцыбіскуп Іван Юркавіч; старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі, арцыбіскуп Павел Пецы.

Хрысціянскі міжканфесійны кансультацыйны камітэт быў створаны ў 1996 г. у адпаведнасці з рашэннем Міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску ў тым жа годзе. У яго рамках ажыццяўляецца пастаянны дыялог паміж хрысціянскімі канфесіямі Расіі і Беларусі. Падобныя сустрэчы даюць магчымасць выказаць агульнае меркаванне па розных надзённых пытаннях і падзяліцца ініцыятывамі, якія садзейнічаюць распаўсюджанню хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў.







All the contents on this site are copyrighted ©.