2014-02-25 12:42:48

Святы Айцец напісаў Ліст да сем’яў


RealAudioMP3 “Я стаю на парозе вашага дому, каб расказаць пра падзею, якая – як вядома – адбудзецца ў кастрычніку ў Ватыкане”, - так распачаў свой Ліст да сем’яў папа Францішак. Ён быў апублікаваны 25 лютага 2014 г. Святы Айцец адзначыў, што мае на ўвазе Надзвычайную сесію Сіноду Біскупаў, скліканую на гэты кастрычнік, каб абмеркаваць “душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Ён падкрэсліў, што гэта падзея “улючае ў сябе ўвесь народ Божы”, і заклікаў сем’і да “малітоўнай падтрымкі”, бо сінадальныя сустрэчы будуць прысвечаны ім, “іх пакліканню і місіі ў Касцёле і грамадстве, праблемам сужэнства, сямейнага жыцця, выхавання дзяцей і ролі сям’і ў місіі Касцёла”. Папа нагадаў, што праз год пасля надзвычайнай сесіі пройдзе звычайная асамблея Сіноду, на якой будуць разгледжаны тыя ж пытанні. Таксама ў верасні 2015 г. адбудзецца Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі. Ён запрасіў да малітвы, каб праз гэтыя тры падзеі Касцёл увайшоў на праўдзівы шлях праніклівасці і знайшоў адпаведныя душпастырскія сродкі, “каб дапамагчы сем’ям супрацьставіцца бягучым выклікам са святлом і сілай, якія паходзяць з Евангелля”.

Францішак заўважыў, што напісаў гэты Ліст у свята Ахвяравання Пана і нагадаў, што ў гэты дзень Марыя і Юзаф па законе Майсея прынеслі Дзіця ў святыню, каб прадставіць Пану. І там сустрэлі двух старцаў, Сімяона і Ганну. “Гэта прыгожы вобраз – двое маладых бацькоў і два пажылыя чалавекі, сабраныя Езусам”, - заўважыў Папа. Ён дадаў, што Хрыстус збірае разам і аб’ядноўвае пакаленні, “з’яўляецца невычэрпнай крыніцай той любові, якая пераадольвае любую замкнёнасць, адзіноту і смутак”.

“На вашым сямейным шляху вы падзяляеце жыццё з вялікай колькасцю прыгожых момантаў: сустрэчы пры стале, адпачынак, хатняе заданне, забавы, малітву, вандроўкі і пілігрымкі, ініцыятывы салідарнасці... Аднак, калі няма любові, адсутнічае радасць, а сапраўдную любоў дае нам Езус. Ён дае нам сваё Слова, якое асвятляе наш шлях, дае нам Хлеб Жыцця, які падтрымлівае штодзённыя намаганні нашага вандравання”, - напісаў Святы Айцец.

Папа яшчэ раз заўважыў, што малітва сем’яў за Сінод Біскупаў “будзе каштоўным скарбам, які ўзбагаціць Касцёл” і папрасіў маліцца таксама за яго, каб “служыў Божаму народу ў праўдзе і любові”.







All the contents on this site are copyrighted ©.