2014-02-25 13:36:17

Папа: галодныя дзеці ў лагерах бежанцаў, калі вытворцы зброі бавяцца ў салонах


RealAudioMP3 Галодныя дзеці ў лагерах бежанцаў, у той час, як вытворцы зброі ладзяць вечарыны ў салонах, гэты вобраз выкарыстаў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 25 лютага 2014 г. Гамілія Святога Айца стала гарачым заклікам да міру ў свеце і ў сям’і. Ён падкрэсліў, што “мір” не можа быць проста словам і заклікаў усіх хрысціян не асвойвацца са скандалам вайны. “Адкуль сваркі і змаганні сярод вас?”, - Пантыфік звярнуў увагу на гэта патанне з Паслання апостала Якуба, каб асудзіць любыя канфлікты і войны. “Мёртвыя, здаецца, сталі часткай штодзённай справаздачнасці”, - адзначыў з занепакоеннем ён і дадаў, што, “здаецца, што дух вайны завалодаў намі”. Мы часта ўзгадваем аб мільёнах ахвяр Другой сусветнай вайны, гэта нас шакуе, але “сёння адбываецца тое ж самае”, - падкрэсліў Папа і дадаў: “замест вялікай вайны, малыя войны ўсюды, падзеленыя народы... І, каб захаваць свае ўласныя інтарэсы, яны забіваюць адзін аднаго”.

“Войны, нянавісць, варожасць, - сказаў Францішак - не набываюцца на рынку – яны ў сэрцы. Шматлікія асобы паміраюць за кавалак зямлі, у імя амбіцый, нянавісці, расавай рэўнасці. Мова вайны стаіць вышэй, чым мова міру. А наступствам гэтага з’яўляюцца хворыя і галодныя дзеці, якія прабываюць у лагерах для бежанцаў, у той час, як уласнікі прамысловасці ўзбраенняў вядуць забяспечанае жыццё. “Дух вайны”, падкрэсліў Пантыфік, заўсёды адводзіць нас ад Бога.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу міру ў міжчалавечых адносінах. “Колькі сем’яў знішчаны, таму што бацька і маці не былі ў стане знайсці шлях міру і аддалі перавагу вайне, падалі ў суд”, - адзначыў ён і заклікаў маліцца за мір, “які, здаецца, стаў толькі словам, і не больш за тое”. Хрысціяне перад такой колькасцю войнаў ва ўсім свеце, лічыць папа Францішак, павінны плакаць, рабіць усё магчымае, каб пазбегнуць канфліктаў, і не забывацца пра пакору.







All the contents on this site are copyrighted ©.