2014-02-25 12:55:25

Пантыфік стварыў новы ватыканскі цэнтральны фінансавы орган


RealAudioMP3 Папа 24 лютага 2014 г. прыняў рашэнне стварыць новую структуру для каардынацыі эканамічнай і адміністрацыйнай дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Cакратарыят па эканамічных пытаннях, так называецца новы орган, закліканы кансалідаваць існуючыя ватыканскія фінансавыя структуры і спрасціць кіраванне імі. Ён будзе ўводзіць у жыццё агульнапрынятыя стандарты бухгалтарскага ўліку, фінансавага кіравання і справаздачнай практыкі, а таксама зоймецца павышэннем унутранага кантролю і празрыстасці. Новы орган будзе адказваць, між іншым, за планаванне штогадовага бюджэту Святога Пасаду і Ватыкану і падрыхтоўку падрабязнай фінансавай справаздачы. Cакратарыят па эканамічных пытаннях будзе рэалізаваць дырэктывы, сфармулаваныя яшчэ адным новым органам пад назвай – Рада па эканамічных пытаннях, якая будзе складацца з 15 асоб, 8 кардыналаў і біскупаў і 7 свецкіх экспертаў. На чале эканамічнага сакратарыяту будзе стаяць прэфект. Ім Святы Айцец прызначыў аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла.

Папа Францішак выпусціў motu proprio пад назвай “Fidelis et Dispensator Prudens”, якім і абвясціў аб заснаванні новых структур.

Новыя палажэнні прадугледжваюць таксама ўвядзенне функцыі Генеральнага рэвізора, якога прызначае Папа, і які будзе ўпаўнаважаны праводзіць праверкі любога органу Святога Пасаду і Ватыкану ў любы час.

У сённяшняй заяве, апублікаванай Залай Друку, гаворыцца, што Пантыфік пацвярдзіў ролю Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы ў якасці Цэнтральнага банка Ватыкану. Бяззменнай застанецца і фунцыя Бюро фінансавай інфармацыі, якое працягне ажыццяўляць свае бягучыя заданні па прудэнцыйным наглядзе і рэгуляванні дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Прэфекту новага Cакратарыяту па эканамічных пытаннях было прапанавана пачаць працу як мага хутчэй.







All the contents on this site are copyrighted ©.