2014-02-23 12:16:34

Папа: кардынал – член Касцёла Рыма, а не прыдворны


RealAudioMP3 Папа Францішак узначаліў 23 лютага 2014 г. у ватыканскай базыліцы св. Імшу, якая праходзіла пры ўдзеле новых членаў Калегіі кардыналаў . Сваю гамілію Пантыфік прысвяціў патрэбе святасці, якая з’яўляецца плёнам паслушэнства Святому Духу. Ён перасцярог кардыналаў ад “дваранскіх” звычак і заклікаў клапаціцца аб братах. 22 лютага Святы Айцец узвёў у кардынальскую годнасць 19 іерарахаў. Фундаментальная пастава хрысціяніна, падкрэсліў Папа – “слухаць Святога Духа, які дае жыццё Касцёлу, і стымулюе яго”. Ён спаслаўся на заклік Бога з кнігі Левіта: “Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш” (19,2), і адзначыў, што гэтыя словы “з’яўляюцца выклікам для ўсіх вучняў Пана”, асабліва новых кардыналаў. Наследаванне святасці Бога можа здавацца недасяжнай, але Божая дабрыня і прыгажосць прыцягваюць кожнага, і Святы Дух можа ачысціць, перамяніць усіх.

Пантыфік звярнуўся да фрагменту Евангелля, прызначанага на сённяшнюю нядзелю, дзе Езус тлумачыць святасць праз кантрасты паміж недасканалым навучаннем кніжнікаў і фарысеяў і праўдай Божага Валадарства. Не толькі не можна адпомсціць іншаму за зло, што зрабіў нам, але трэба імкнуцца ўчыніць яму дабро, звярнуў увагу Пантыфік. Ад сваіх вучняў Езус патрабуе, каб любілі тых, хто гэтага не заслугоўвае, не чакаючы ўзаемнасці. “Езус прыйшоў не для таго, каб вучыць нас добрым манерам, манерам салонаў! (...) Хрыстус прыйшоў, каб збавіць нас, каб паказаць нам шлях, адзінае выйсце з зыбучых пяскоў граху, і гэтым шляхам ёсць міласэрнасць. Быццё святым, гэта не раскоша, гэта неабходна для збаўлення свету”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу кардыналаў, што Бог і Касцёл патрабуе ад іх сведчання святасці. Святасць кардынала, на думку Францішка, палягае на бескарыслівай самаахвярнасці. “Таму давайце любіць тых, хто да нас варожы, благаславіць тых, хто аб нас пляткарыць, вітаць з усмешкай тых, хто, магчыма, не заслугоўвае гэтага, не будзем імкнуцца да навязвання сваёй волі, але фанабэрыстасці супрацьствім лагоднасць, забудземся аб панесеных прыніжэннях”, - заклікаў кардыналаў Пантыфік. На яго думку, менавіта такімі павінны быць паводзіны кардынала, які становіцца членам Касцёла Рыма, а не прыдворным, і таму абавязаны пазбягаць звычак, характэрных для апошніх: інтрыг, плётак, сувязяў, патранажу, фаварытызму.

У Божай святыні, якой з’яўляецца кожны хрысціянін, цэлебруецца “экзістэнцыяльная літургія”, адзначыў Папа, літургія дабрыні, прабачэння, служэння – літургія любові. Наша святыня апаганьваецца, калі мы занядбалі нашы абавязкі ў адносінах да бліжняга, дадаў ён. “Калі ў нашым сэрцы ёсць месца для апошняга з нашых братоў і сясцёр, то сам Бог знаходзіць у ім месца. Калі гэты брат не прымаецца, то сам Бог не прыняты. Сэрца, пазбаўленае любові, падобнае на апаганены касцёл, выкрэслены з Божай службы, і прызначаны для іншых мэтаў”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў кардыналаў “цвёрда трымацца адзінства з Хрыстом і паміж сабой”, быць побач з Пантыфікам праз малітву, параду і супрацоўніцтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.