Святы Айцец да кардыналаў: Касцёл патрабуе вашай камуніі са мной і паміж вамі
Езус заўсёды ідзе
перад сваім Касцёлам, “ідзе перад намі, і адкрывае нам шлях”. “І наш давер і радасць
у тым, што мы Яго вучні, мы разам з Ім, ідзём следам за Ім, наследуем Яго”, - сказаў
папа Францішак падчас звычайнага публічнага кансісторыя па ўзвядзенні новых кардыналаў
у базыліцы св. Пятра 22 лютага 2014 г. Слова “вандраванне” з’яўляецца ключавым у нашых
адносінах з Хрыстом, лічыць Святы Айцец. Менаіта гэта нас кранае ў Евангеллі, заўважыў
ён, “Езус шмат хадзіў і вучыў сваіх вучняў ў дарозе”. Важна зразумець, што “Ён прыйшоў
навучаць не нейкай філасофіі або ідэалогіі, але “шляху”, якім трэба ісці з Ім”. Падарожнічаць
з Хрыстом – гэта наша радасць, але “гэта не так проста, гэта не зручна, таму што дарога,
якую абірае Езус, з’яўляецца шляхам крыжа”. Але “мы ведаем, што Ён перамог, і мы не
павінны баяцца крыжа, у крыжы наша надзея”, - сказаў Папа.+
Пантыфік перасцярог
ад “ментальнасці гэтага свету”, праз якую ў Касцёл уваходзяць “суперніцтва, зайздрасць,
фракцыі”. Таму трэба дазваляць Хрысту “клікаць нас да сябе”, каб слухаць Яго, з радасцю
прымаючы Яго слова. Гэта дазволіць прабываць з “адным сэрцам і адной душой вакол Яго”.
“Касцёл
мае патрэбу ў вас, у вашым супрацоўніцтве, і, перш за ўсё, вашай камуніі са мной і
паміж вамі”, - сказаў Папа, звяртаючыся да Калегіі кардыналаў. На яго думку, Касцёл
патрабуе адвагі пурпуратаў у абвяшчэнні Евангелля, іх малітвы, “якая разам з абвяшчэннем
слова з’яўляецца першай задачай біскупа”, іх адчувальнасці, “асабліва ў гэты час болю
і пакут у многіх краінах па ўсім свеце”. Святы Айцец заклікаў кардыналаў быць людзьмі
міру праз іх дзеянні, жаданні і малітвы.