2014-02-22 10:25:23

Пантыфік сустрэўся з Прэзідэнтам Бразіліі


RealAudioMP3 21 лютага 2014 г. увечары Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Бразіліі Дзілму Русэф, якая прыбыла ў Рым, каб узяць удзел ва ўрачыстасцях надання кардынальскай годнасці некалькім іерархам, у ліку якіх будзе арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра Арані Тэмпеста. Размова была змястоўнай і добразычлівай. Яна дала падставу Папе яшчэ раз выказаць свае добрыя пачуцці і пажаданні ўсяму бразільскаму народу, заявіў пасля спаткання кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

У канцы аўдыенцыі Пантыфік прывітаў таксама дэлегацыю, якая суправаджала кіраўніка дзяржавы, пасля чаго адбыўся абмен падарункамі. Прэзідэнт Русэф уручыла Святому Айцу футболку зборнай Бразіліі – з відавочнай спасылкай на маючы адбыцца сёлета ў гэтай краіне чэмпіянат свету па футболе – падпісаную Пеле з прысвячэннем: “Для папы Францішка з павагай і захапленнем”, і мяч, падпісаны Ранальда: “Папе Францішку з вялікімі абдымкамі ад сябра Ранальда”. У жарт Пантыфік сказаў, што адчувае, як гэтымі падарункамі яго просяць маліцца, каб Бразілія выйграла чэмпіянат. На што Прэзідэнт адказала, што ад яго чакаюць прынамсі нейтралітэту ў гэтай справе.

Сустрэча Святога Айца з Прэзідэнтам Русэф скончылася пасля 20.00.








All the contents on this site are copyrighted ©.