Ватыканская фінансавая разведка пашырыла міжнароднае супрацоўніцтва
Бюро фінансавай інфармацыі
Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан 21 лютага 2014 г. падпісала мемарандум аб узаемаразуменні
з Аўстралійскім справаздачна-аналітычным цэнтрам транзакцый (AUSTRAC). Таксама на
пачатку гэтага тыдня, у кулуарах сустрэчы “Групы Эгмант” у Будапешце быў падпісаны
мемарандум аб узаемаразуменні з фінансавай разведкай Кіпра (MOKAS). Пагадненні былі
падпісаны Рэнэ Брульхартам, дырэктарам Бюро фінансавай інфармацыі.
Мемарандум
аб узаемаразуменні з’яўляецца стандартнай практыкай і фармалізуе супрацоўніцтва і
абмен фінансавай інфармацыяй для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму
паміж кампетэнтнымі органамі абедзвюх краін, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні
ватыканскага фінансавага ведамства. Два падпісаных дакументы заснаваны на мадэлі мемарандума
аб узаемаразуменні, падрыхтаванага “Групай Эгмант”, арганізацыяй, у якую ўваходзяць
падраздзяленні фінансавай разведкі шматлікіх краін.
Гэтыя мемарандумы ўмацуюць
міжнародную складаючую ў барацьбе Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан з адмываннем грошай
і фінансаваннем тэрарызму, перакананы Рэнэ Брульхарт. Падпісанне дакументаў, на яго
думку, падкрэслівае плённыя адносіны ватыканскай структуры з міжнароднымі партнёрамі
і спрыяе далейшым сумесным намаганням.
Бюро фінансавай інфармацыі стала членам
“Групы Эгмант” у ліпені 2013 г. Яно ўжо падпісала мемарандумы аб узаемаразуменні і
супрацоўніцтве з падраздзяленнямі фінансавай разведкі Злучаных Штатаў, Бельгіі, Італіі,
Іспаніі, Славеніі, Нідэрландаў і Германіі. На працягу бліжэйшых тыдняў чакаецца падпісанне
падобных пагадненняў з іншымі краінамі. Ватыканская структура была створана ў 2010
г. для супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.