2014-02-20 12:48:31

Святы Айцец: здароўе не з’яўляецца гарантыяй шчасця


RealAudioMP3 Самай вялікай праблемай, з якой сустракаюцца пажылыя асобы, не з’яўляецца аслабленне арганізма ці інваліднасць, але пакінутасць, выключэнне, пазбаўленне любові, лічыць папа Францішак. Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў генеральнай асамблеі Папскай Акадэміі жыцця, якая 20-21 лютага 2014 г. праходзіць у Ватыкане з нагоды 20-годдзя ўстановы. Тэма форума: “Старэнне і інваліднасць”, мае вялікую актуальнасць і хвалюе Касцёл, адзначыў Пантыфік. На яго думку, аднымі з першых сярод шматлікіх ахвяраў “тыранічнага панавання эканамічнай логікі”, з’яўляюцца менавіта пажылыя людзі.

У аснове дыскрымінацыі і выключэння знаходзіцца антрапалагічнае пытанне: колькі каштуе чалавек і на чым грунтуецца яго каштоўнасць, перакананы Папа. Ён нагадаў, што здароўе, канешне, мае вялікую вартасць, але “не з’яўляецца само па сабе гарантыяй шчасця”. Тым больш, падкрэсліў Пантыфік, стан здароўя не можа быць крытэрыем для выключэння ці, тым больш, знішчэння чалавека.

Францішак нагадаў, што “настаўніцай адкрытасці і салідарнасці” з’яўляецца сям’я – менавіта ў ёй трэба вучыць таму, што страта здароўя, гэта не прычына для дыскрымінацыі чалавека. “Сям’я вучыць не паддавацца індывідуалізму і захоўваць раўнавагу паміж “я” і “мы”, - падкрэсліў Святы Айцец. На яго думку, сведчанне сем’яў грае фундументальную ролю для ўсяго грамадства ў пацверджанні важнасці пажылых людзей, як суб’ектаў супольнасці, якія маюць сваю місію і ўносяць свой уклад.

“Грамадства з’яўляецца па-сапраўднаму адкрытым на жыццё, калі прызнае яго каштоўнасць, у тым ліку у стане старасці, інваліднасці, цяжкай хваробы і нават заканчэння”, - перакананы Папа. Ён лічыць, што трэба вучыць таму, што чалавечая рэалізацыя не выключае пакутаў, а хворая асоба з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці і напамінам пра неабходнасць салідарнасці і адказнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.