2014-02-20 12:22:16

Пантыфік: быць вучнем, а не навучэнцам Хрыста


RealAudioMP3 Хрыстус кожны дзень патрабуе ад нас адказу на пытанне, хто Ён для нас?, нагадаў папа Францішак і дадаў, што адказ на яго можна даць выключна жывучы як Яго вучань – прычым , менавіта вучань, а не проста навучэнец “з інтэлектуальным падыходам”. Быць вучнем – гэта падарожжа па слядах Настаўніка, на якім сведчанне можа пераплятацца са здрадай, а падзенне з новым імпульсам. Падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты 20 лютага 2014 г. Пантыфік звярнуўся да прыкладу апостала Пятра, які на пытанне Езуса адказаў: “Ты – Хрыстус”. Каб адказаць на гэта пытанне сёння, не дастаткова ведаць катэхізіс, адзначыў Папа, трэба адправіцца ў “пятровае” падарожжа з Езусам, каб прайсці ўсе этапы місіі Хрыста, дзе будуць прызнанне і цуды, адрачэнне і пакуты.

Пытанне Хрыста: “Хто я для цябе?”, Пётр разумее толькі пасля доўгага шляху ласкі і граху – шляху вучня. Езус не сказаў сваім апосталам: “Пазнаёмцеся са мной!”. Ён сказаў кожнаму: “Ідзі за мной!”. І менавіта гэта, на думку Святога Айца, прымушае хрысціян ісці за Езусам, з нашымі цнотамі і нашымі грахамі. Мы патрабуем “штодзённай сустрэчы з Панам”, з нашымі перамогамі і нашымі слабасцямі, адзначыў Папа і дадаў, што гэты шлях “мы не можам прайсці ў адзіночку”, нам патрэбны ўдзел Святога Духа.

“Пазнаць Хрыста – гэта дар Бога Айца, (...) гэта праца Святога Духа, Які з’яўляецца вялікім працаўніком”, - сказаў Папа і дадаў, што Ён чыніць гэту працу, “каб растлумачыць таямніцу Езуса і даць нам пачуццё Хрыста”.

Папа Францішак заклікаў кожнага задаць сабе пытанне Езуса: “Хто я для цябе?”.







All the contents on this site are copyrighted ©.