2014-02-20 11:33:41

Кансісторый па пытаннях сям’і пачаўся ў Ватыкане


RealAudioMP3 20 лютага 2014 г. у Ватыкане пачаўся надзвычайны кансісторый, прысвечаны праблемам сям’і. Яго пасяджэнні будуць праходзіць у новай Сінадальнай зале, пры ўдзеле каля 185 кардыналаў, якія прыбылі з розных краін свету. Кансісторый быў адкрыты ў 8.30 раніцы па рымскім часе супольнай Малітвай на працягу дня. Затым да ўдзельнікаў форума звярнуўся дэкан Калегіі кардыналаў Анджэла Садана. Папа Францішак, які таксама прымае ўдзел у асамблеі, заклікаў падтрымаць малітвай іерархаў, якія 22 лютага 2014 г. далучацца да Калегіі кардыналаў. “У гэтыя дні асаблівым чынам мы будзем разважаць аб сям’і, якая з’яўляецца фундаментальнай ячэйкай чалавечага грамадства. Ад самага пачатку Створца благаславіў мужчыну і жанчыну, каб былі плоднымі і размнажаліся на зямлі. Такім чынам, сям’я з’яўляецца ў свеце нібыта адлюстраваннем Трыадзінага Бога”, - нагадаў Папа.

Францішак заклікаў удзельнікаў кансісторыя памятаць аб прыгажосці сям’і і сужэнства, велічы гэтай чалавечай рэчаіснасці, “такой простай і адначасова багатай, якая складаецца з радасцяў і смуткаў, намаганняў і пакутаў, як і ўсё жыццё”. “Мы паспрабуем глыбей задумацца над тэалогіяй сям’і і душпастрыскай дзейнасцю, якую павінны ажыццяўляць у актуальным кантэксце. Зробім гэта глыбока, пазбягаючы “казуістыкі”, якая непазбежна панізіць узровень нашай працы”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, у сучасным свеце сям’я “недаацэнена” і “пакрыўджана”, таму ад удзельнікаў кансісторыя чакаецца пацвярджэнне таго, наколькі цудоўна, праўдзіва і добра ствараць сем’і, быць сям’ёй, наколькі яна неабходна для жыцця свету і будучыні чалавецтва. Перад Касцёлам стаіць задача дапамагчы сужонкам радасна рэалізаваць сябе ў сям’і, падтрымліваючы іх у шматлікіх цяжкасцях, лічыць Папа.

Пасля Пантыфіка да ўдзельнікаў кансісторыя звярнуўся з дакладам на тэму “Евангелле сям’і” кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Таксама іншыя кардыналы выступілі і выступяць са сваімі зваротамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.