2014-02-19 13:38:54

Францішак: трэба аднавіць сувязь паміж прыбыткам і салідарнасцю


RealAudioMP3 “Хто з нас не адчувае сябе няўтульна, сутыкаючыся са словам “беднасць”?”, - запытаўся папа Францішак на самым пачатку сваёй прадмовы да новай кнігі арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, пад назвай: “Бедная для бедных. Місія Касцёла”. Папа нагадаў, што “ёсць шмат формаў беднасці: фізічная, эканамічная, духоўная, сацыяльная, маральная”. Але заходні свет ідэнтыфікуе беднасць, галоўным чынам, з адсутнасцю эканамічнага патэнцыялу і падкрэслівае адмоўнасць гэтага статусу. Гэты патэнцыял у асноўным грунтуецца на вялікай уладзе, якую маюць сёння грошы, і якая сваёй магутнасцю пераўзыходзіць усё іншае. Такім чынам, адсутнасць эканамічнай моцы азначае сёння непатрэбнасць на палітычным, сацыяльным і нават чалавечым узроўні, заўважыў Папа і нагадаў, што грошы – гэта толькі інструмент, што павялічвае магчымасці чалавечай свабоды, якая дазваляе яму функцыянаваць у свеце, дзейнічаць, прыносіць свой ​​плён. І гэты добры інструмент можа быць скіраваны супраць чалавека. Грошы і эканамічная ўлада могуць быць сродкам, які адчужаць чалавека ад чалавека, пашыраючы эгацэнтрызм і эгаізм.

Пантыфік нагадаў пра неабходную сувязь паміж прыбыткам і салідарнасцю, якую хрысціяне павінны нанова адкрыць для сябе і абвяшчаць свету. Мы заўсёды залежым ад каго-небудзь ці чаго-небудзь, звярнуў увагу Францішак, і гэта можам ператварыць у слабасць ці наадварот, магчымасць прыняць свет, дзе ніхто не можа абысціся без іншых, у якім мы ўсе карысныя і каштоўныя для ўсіх, кожны па-свойму.

У сваёй кнізе арцыбіскуп Мюлер звяртаецца да тэмы так званай “тэалогіі вызвалення”, распаўсюджанай у Лацінскай Амерыцы, і прасочвае яе небяспечную сувязь з марксізмам. Прэзентацыя тому, які выйшаў у Ватыканскім выдавецтве, адбудзецца ў Рыме на наступным тыдні.







All the contents on this site are copyrighted ©.