2014-02-19 10:50:55

Кардынал пра зліццё Папскіх рад і стварэнне адзінага “фінансавага сакратарыяту”


RealAudioMP3 Каардынатар Рады кардыналаў, створанай для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, заявіў аб пераўтварэннях у ватыканскіх структурах, якія займаюцца свецкімі вернікамі. “Мы патрабуем Кангрэгацыю па справах свецкіх”, якой будуць перададзены кампетэнцыі цяперашніх Папскіх рад па справах свецкіх і па справах сям’і. “Так, як гэта адбываецца цяпер, працягвацца не можа”, - сказаў кардынал Оскард Радрыгес Марадзьяга 18 лютага 2014 г. у інтэрв’ю газеце “La Croix”. Свецкія вернікі, нагадаў ён, складаюць большасць у Касцёле, таму структуру, якая займалася б сем’ямі ў новастворанай Кангрэгацыі па справах свецкіх магла б узначаліць, напрыклад, сужэнская пара, паколькі ўсё больш і больш свецкіх вернікаў падзяляюць адказнасць за кіраванне Касцёлам. “Дух усё больш вее ў гэтым кірунку”, - прызнаўся арцыбіскуп Тэгусігальпу.

Рада кардыналаў заканчвае 19 лютага вечарам у Ватыкане сваё чарговае пасяджэнне, прысвечанае структурным рэформам, эканамічным пытанням і правядзенню кастрычніцкага Сінода Біскупаў.

Кардынал лічыць неабходнымі змены ў працы Дзяржсакратарыяту. Ён быў задуманы як інструмент дапамогі Пантыфіку, а не як месца знаходжання “прэм’ер-міністра ці віцэ-караля”, - сказаў ён. Менавіта адаптацыя Дзяржаўнага сакратарыяту і яго абавязкаў разглядаецца ў якасці фундаменту планаванай рэформы Рымскай курыі.

Кардынал Марадзьяга не выключае магчымасці стварэння адзінага цэнтральнага ватыканскага “фінансавага сакратарыяту”. Ён лічыць гэта “вельмі разумным і нават неабходным”. Гэта дапаможа лепшай арганізацыі і служэнню, бо зараз за фінансавыя пытанні ў Ватыкане адказваюць Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы, Інстытут рэлігійный спраў – Ватыканскі банк – і Губернатарат. На думку іерарха, карысным будзе, калі адна асоба будзе адказваць за ўсе фінансавыя пытанні і пры сённяшняй структуры гэту задачу павінен узяць на сябе адзін з кардыналаў, падтрымліваць якога будзе “фінансавая рада”, куды маглі б увайсці ў тым ліку і свецкія эксперты.







All the contents on this site are copyrighted ©.