2014-02-17 14:37:21

Рада кардыналаў для дапамогі ў кіраванні Касцёлам сабралася з Ватыкане


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў удзел у пасяджэнні Рады кардыналаў, якую стварыў для дапамогі ў кіраванні Касцёлам і вывучэнні праекту рэфармавання Рымскай курыі. Восем пурпуратаў у трэці раз сабраліся ў Ватыкане на чарговую сустрэчу, якая працянецца да 19 лютага 2014 г. Перад абмеркаваннем актуальных пытанняў, яны сабраліся на літургіі ў Доме св. Марты. Разам з імі ў пасяджэнні прыняў удзел арцыбіскуп Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, які будзе прысутнічаць і на наступных сустрэчах.Раніцай 17 лютага 2014 г. былі выслуханы даклады трох прадстаўнікоў Камісіі па арганізацыі эканоміка-адміністрацыйнай структуры Апостальскай Сталіцы, але ніякіх рашэнняў не прымалася, падкрэсліў кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас брыфінгу з журналістамі. 18 лютага члены Рады кардыналаў пазнаёмяцца з дакладам камісіі па рэформе Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, а 19 лютага сустрэнуцца з камісіяй з 15 кардыналаў, якія кантралююць усе фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што бліжэйшыя дзесяць дзён у Ватыкане будуць даволі насычыныя падзеямі: пасля пасяджэння Рады кардыналаў, 20 лютага пачнецца кансісторый, прысвечаны пытанням сям’і. Яго адкрые дэкан Калегіі Кардыналаў Анджэла Садана, а з уводным дакладам выступіць нямецкі пурпурат Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

22 лютага, на заканчэнне кансісторыя, з нагоды свята базылікі св. Пятра, папа Францішак надасць кардынальскую годнасць некаторым іерархам, імёны якіх абвясціў 12 студзеня. На 24-25 лютага запланавана таксама пасяджэнне Пастаяннай Рады Сінода Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.