2014-02-17 09:49:52

Папа да вернікаў рымскай парафіі: натхняць адносіны праўдай і шчырасцю


RealAudioMP3 Адносіны з бліжнімі павінны натхняцца праўдай і шчырасцю. Такую параду папа Францішак даў вернікам парафіі св. Тамаша з Аквіну, на поўдні Рыма, якую наведаў вечарам 16 лютага 2014 г. Візіт Пантыфіка быў прымеркаваны да 50-годдзя супольнасці і прайшоў у цёплай, сямейнай атмасферы. На пачатку Святы Айцец звярнуўся да самых маленькіх парафіян падзяліўшыся з імі надзейным “рэцэптам” плённага жыцця верай. Паводле Папы, каб навучыцца любіць Хрыста, трэба адкрыцца на Яго любоў. “Гэта Ён працуе, а не мы! Ён любіць першым!”, - нагадаў Пантыфік. Затым Папа сустрэўся з вернікамі, якія прынялі сакрамэнт хросту на працягу некалькіх апошніх месяцаў, з бацькамі, пажылымі асобамі, хворымі, святарамі і членамі Асацыяцыі сем’яў з дзецьмі інвалідамі. Перад пачаткам Эўхарыстыі, Францішак паспавядаў пяць парафіянаў.

У гаміліі, прамоўленой без загадзя напісанага тэксту, Папа адзначыў, што адносіны паміж людзьмі, асабліва жыхарамі аднаго раёна, павінны натхняцца крытэрыямі праўды і шчырасці. Ён нагадаў, пра тое, што плёткамі можна “забіць” бліжняга і таму параіў вернікам, у праўдзе перад самімі сабой, паразважаць, што носяць у сэрцы: любоў ці нянавісць, прабачэнне ці жаданне помсты? “Мы павінны спытаць сябе, што маем унутры, таму што гэта выходзіць вонкі і робіць зло, калі злое; а калі добрае – выходзіць і робіць дабро”, - сказаў ён.

Такі шлях, паводле Францішка нялегкі і каб ісці ім неабходна малітва і дапамога Божая. “Прасіце заўсёды аб гэтай ласцы: ведання аб тым, што здараецца ў маім сэрцы, каб заўсёды рабіць правільны выбар, выбіраць дабро. Будзем памятаць, што забруджвае наша жыццё тое зло, якое выходзіць з нашага сэрца”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.