2014-02-13 15:40:03

Святы Айцец: вернік можа страціць веру з-за жарсцяў і ганарыстасці


RealAudioMP3 Вернік можа страціць веру з-за жарсцяў і ганарыстасці, а язычнік – знайсці яе дзякуючы пакоры, лічыць папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 13 лютага 2014 г. Пантыфік засяродзіўся над прыкладам евангельскай жанчыны – язычніцы, якая ўпала на калені перад Хрыстом, просячы аздараўлення для сваёй дачкі вельмі пакорным чынам. Паводле Францішка, гэты фрагмент паказвае “шлях чалавека добрай волі, які шукае Бога”. “Кожны дзень у Касцёле ёсць людзі, якія маўкліва ідуць гэтым шляхам, каб знайсці Пана, таму што дазваляюць Святому Духу весці сябе”, перакананы Пантыфік.

“Але ёсць і адваротны шлях”, - заўважыў ён і прывёў у прыклад Саламона. Ён быў чалавекам мудрым, які атрымаў ад Бога шмат благаслаўленняў, але калі састарэў, “жонкі ягоныя схілілі сэрца яго да чужых багоў”. Яго сэрца аслабела і ён страціў веру, падкрэсліў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што Саламон быў грэшнікам, але з грэшніка пераўтварыўся ў сапсаванага. Ён не стаў прасіць прабачэння за грахі, як яго бацька Давід. Ён быў чалавекам мудрым, але ганарыстасць і жарсці прывялі яго да сапсаванасці – зерне злога прарасло ў яго сэрцы.

Францішак заклікаў браць прыклад з евангельскай язычніцы – дазволіць, каб у сэрцы прарасло Божае слова, якое прывядзе да збаўлення і захавае ад сапсаванасці і ідалапаклонства.








All the contents on this site are copyrighted ©.