2014-02-12 11:49:19

Папа сустрэнецца з 20 тыс. нарачоных


RealAudioMP3 Больш за 20 тыс. нарачоных чакаецца 14 лютага 2014 г. на плошчы св. Пятра на сустрэчы з папам Францішкам, паведаміла 12 лютага 2014 г. Папская рада па справах сям’і. Аб удзеле ў спатканні ўжо паведамілі прадстаўнікі 28 краін. Поспех ініцыятывы, абвешчанай усяго тры тыдні таму, стаў абсалютна непрадказальным, прызнаўся старшыня Папскай рады арцыбіскуп Вінчэнца Палья. На яго думку, гэта дэманструе, што ёсць маладыя людзі, якія жадаюць кахання назаўсёды і Божага благаслаўлення ў сямейным жыцці, хоць свет, у якім жывуць, не верыць, што сужэнства павінна быць непарыўным.

Спатканне пачнецца 14 лютага ў 11.00. Нарачоным прапануюць праграму, якая будзе ўключаць у сябе сведчанні, спевы і вершы пра каханне. У 12.00 на ватыканскую плошчу прыбудзе Папа. Усё распачнецца з дыялогу паміж ім і трыма парамі закаханых, у якім пойдзе гаворка пра цяжкасці, што перажываюць нарачоныя робячы канчатковы выбар, пра якасці хрысціянскай сям’і, пра стыль цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства.

Сёння выбар сужэнства пастаянна адкладаецца ў чаканні вырашэння ўсіх праблем, адзначыў у сваёй сённяшняй заяве арцыбіскуп Палья. Ён нагадаў, што на самой справе двое маладых людзей стварае сям’ю, “каб пабудаваць будучыню разам, вырашаць праблемы разам, будаваць разам дом для сябе і сваіх дзяцей”. Іерарх лічыць, што палітычныя лідэры павінны быць нашмат больш уважлівымі да выбару маладых людзей заключыць сужэнства, з увагай ставіцца да палітыкі сям’і і працы, бо сям’я, пабудаваная ў маладосці, з’яўляецца багаццем грамадства.

Спатканне нарачоных з Пантыфікам завершыць малітва, складзеная спецыяльна да гэтай падзеі, і благастаўленне Папы, пасля чаго маладыя людзі атрымаюць спецыяльны падарунак.







All the contents on this site are copyrighted ©.