2014-02-12 09:22:30

Беларусь: хрысціянскія супольнасці і Еўрасаюз пачынаюць праграму сацыялізацыі былых вязняў


RealAudioMP3 Еўрапейскі саюз і пасольства Венгрыі супольна з хрысціянскімі супольнасцямі распачынаюць сацыяльны пракет “Садзеянне інтэграцыі асоб, якія вызваліліся з турмаў Беларусі”. Ён скіраваны на аднаўленне прафесійнай кваліфікацыі і працаўладкаванне былых зняволеных. Рэалізацыяй праекту зоймуцца недзяржаўныя арганізацыі “Венгерская экумэнічная служба дапамогі” і беларуская Міжканфесійная місія “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне”. Чальцамі гэтай місіі з’яўляецца Праваслаўная Царква, Каталіцкі Касцёл і пратэстанцкія супольнасці ў Беларусі. Прадстаўнікі гэтых канфесій, а таксама Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь і Еўрасаюзу прынялі ўдзел у прэзентацыі праекту 11 лютага 2014 г. у Мінску.

У прыватнасці кіраўнік еўрапейскай дыпламатычнай місіі Майра Мора падкрэсліла: “Гэты праект мае некалькі мэтаў: усталяваць партнёрстава паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі дзеля супрацоўніцтва ў галіне рэінтэграцыі былых вязняў у грамадзтва і працоўны рынак. Я думаю, што гэтыя і іншыя праекты спрыяюць настолькі важнай справе. У сваю чаргу гэта паказвае сталасць і гатоўнасць любога грамадства спраўляцца са сваімі праблемамі і не толькі караць, але і перавыхоўваць людзей”.

Праграма працаўладкавання былых зняволеных будзе арганізаваная ў трох абласцях: Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай. Праект атрымае экатэрапеўтычны змест. А менавіта – каля Слоніма былыя вязні будуць даглядаць пчол, у Гарадоцкім раёне – вырошчваць лекавыя расліны, а каля Гомеля былыя зняволеныя жанчыны будуць вырошчваць агародніну. Працаўнікамі перадусім стануць тыя людзі, якіх на волі ніхто не чакае і ім няма куды ісці, і якія пажадаюць пэўны час пражыць пры манастырскіх гаспадарках, бо менавіта на іх базе будзе рэалізавацца праект.

Арганіазатары мяркуюць, што сацыяльна адаптавацца былым вязням напачатку дапаможа прырода. Бо адной з цяжкасцяў, з якой сустракаюцца былыя зняволеныя пасля выхаду з турмы – гэтак званая “зэкафобія” грамадзтва. Таксама – размежаванасць у дзеяннях розных грамадзкіх і нават дзяржаўных структур, якія займаюцца сацыялізацыяй гэтых людзей.

Хрысціянская супольнасць можа дапамагчы дзяржаве арганізаваць і ўпарадкавыаць гэтую працу, а галоўнае – непасрэдна дапамагчы людзям, кажа дырэктар “Хрысьціянскага сацыяльнага служэньня”, Мікола Матрунчык: “Мы будзем 90% усіх мерапрыемстваў праводзіць разам. Гэта будуць і адукацыйныя сэмінары, і на месцах будуць працаваць групы экспертаў. Тут задача такая: каб мы сталі сапраўднымі партнёрамі дзяржавы. Каб дзяржава ў нас, хрысціянскіх Цэрквах, прызнала належных, паважных партнёраў і тады мы зможам планаваць наступныя ініцыятывы з гэтымі мэтавымі групамі, каб разам змяншаць “зэкафобію” ў Беларусі”.

Праект Еўрасаюзу і хрысціянскіх супольнасцяў “Садзеянне інтэграцыі асоб, якія вызваліліся з турмаў Беларусі” разлічаны на два гады. Паводле арганізатараў, працоўную рэабілітацыю за гэты час здолеюць атрымаць дзесяткі былых вязняў. Прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кс. Юры Санько кажа, што гэта ня першы сацыяльны праект, у рэалізацыі якога ўдзельнічае Каталіцкі Касцёл: “У місіі “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне” таксама прымае ўдзел і Каталіцкі Касьцёл, непасрэдна наша Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Доўгі час, каля пяці гадоў, мы займаліся праграмай ВІЧ-СНІДу. Распрацавана шмат цудоўных дакументаў – працоўных матэрыялаў для вышэйшых школ, семінарый, таксама прамовы і казанні для светароў на гэтую тэму. І зараз місія ідзе далей, развіваецца ў сваім сацыяльным служэнні і наступны крок – гэта праца з людзьмі, якія выходзяць з месцаў зняволення, а менавіта – працаўладкаванне. Бо ведаем, што вельмі цяжка адбываецца рэсацыялізацыя – вяртанне гэтых людзей у соцыум. Таму такога кшталту праекты павінны садзейнічаць, каб дапамагчы гэтым людзям стаць на правільны шлях”.

Першыя гаспадаркі ў рамках праекту Еўрасаюзу і беларускай хрысьціянскай місіі распачнуць працу пры манастырах ужо з пачаткам вясны.

Каміла Фаўстовіч, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.