2014-02-11 13:39:53

30 гадоў дакументу Яна Паўла ІІ пра сэнс цярпення


RealAudioMP3 “У крыжы Хрыста адбылося не толькі адкупленне праз пакуты, але таксама і самі чалавечыя пакуты былі адкуплены”, - пісаў бл. Ян Павел ІІ у сваім Апостальскім лісце аб сэнсе чалавечых пакутаў “Salvifici doloris”, апублікаваным у Сусветны дзень хворага 11 лютага 1984 г.. Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня яго выхаду. У ім Святы Айцец разважае над таямніцай болю, пачынаючы ад пытання, якое задае сабе кожны чалавек: чаму існуюць пакуты? На думку Пантыфіка, любы з адказаў на гэта пытанне будзе няпоўным і недастатковым. Толькі Хрыстус дазваляе нам увайсці ў таямніцу пакутаў, адказваючы на пытанне пра прычыны іх існавання з крыжа.

Езус, аднак, не робіць абстрактнага тлумачэння прычынаў болю, але заклікае ісці за Ім, заклікае кожнага ўдзельнічаць са сваімі пакутамі ў справе збаўлення свету. “Калі чалавек бярэ на сябе крыж, духоўна яднаючыся з крыжом Хрыста, перад ім паступова адкрываецца збаўчы сэнс пакутаў. І тады чалавек знаходзіць у сваіх пакутах унутраны спакой і нават духоўную радасць”, - пісаў благаслаўлёны Папа.

Паводле Яна Паўла ІІ, адказ знаходзіцца ў любові. Езус, разам з пакутамі людзей, узяў на сябе іх грахі і такім чынам перамог зло. Пакутаваць, на думку Пантыфіка, азначае адкрыцца на дзейнасць збаўчых Божых сілаў, прынесеных чалавецтву Езусам. Адкрыццё збаўчага сэнсу пакутаў у адзінтве з Хрыстом знішчае адчуванне іх бескарыснасці, а боль, які перажываецца разам з Хрыстом, па-сапраўднаму служыць збаўленню братоў і сясцёр. “Ён не толькі карысны для іншых, але больш –выконвае неад’емнае служэнне”, - пісаў Ян Павел ІІ.

Паводле Святога Айца, у гэтым парадокс Евангелля: крыніцы Боскай сілы прабіваюцца менавіта праз чалавечую слабасць, а ў веры ва ўваскрасенне чалавек знаходзіць “цалкам новае святло, якое яму дапамагае ісці праз змрок” пакутаў і зла.








All the contents on this site are copyrighted ©.