2014-02-10 10:58:02

Дзяржсакратар Яго Святасці: у Рымскай курыі былі і ёсць святыя


RealAudioMP3 Рымская курыя павінна быць “гібкай” і “менш бюракратычнай” прыладай на службе “адзінству і місіі Касцёла ў сённяшнім свеце”, перакананы арцыбіскуп Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. У інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire” іерарх засяродзіўся на многіх актуальных тэмах: ад супрацоўніцтва з Пантыфікам і ролі ватыканскай дыпламатыі, да пераўтварэнняў у Рымскай курыі і ўзброенага канфлікту ў Сірыі. Будучы кардынал заўважыў, што яго стыль “не можа быць стылем папы Францішка”, але тым не менш, ён адчувае глыбокае адзінства са Святым Айцом. Іерарх перакананы, што мэтай ватыканскай дыпламатыі павінна быць дапамога народам у “будаванні гуманнага і братэрскага свету”, у якім найбольш абароненымі будуць “самыя слабыя і ўразлівыя”.

Гаворачы пра “пераўтварэнні ў Касцёле”, да якіх “з настойлівасцю” заклікае Папа, арцыбіскуп Паралін адзначыў, што яны павінны тычыцца і Рымскай курыі. На яго думку, Дзяржсакратарыят павінен прыняць на сябе “поўную гатоўнасць да душпастрыскага навяртання, прапанаванага папам Францішкам” і стаць “узорам для ўсяго Касцёла”.

Іерарх прызнаўся, што “заўсёды існуе спакуса злоўжывання ўладай” і Рымская курыя “гэтай небяспекі не пазбегла і не пазбегне”. Таму не дастаткова толькі рэфармавання структур, трэба, каб гэты працэс суправаджаўся “пастаянным асабістым навяртаннем”, хоць у Рымскай курыі, перакананы іерарх, “былі і ёсць святыя”.

Каментуючы змены ў Інстытуце рэлігійных спраў – Ватыканскім банку – Дзяржсакратар заўважыў, што кіраванне грашыма павінна быць “прасякнута евангельскімі прынцыпамі” і скіравана на “патрэбы жыцця і місіі Касцёла”.

Арцыбіскуп Паралін нагадаў таксама пра дзейнасць Апостальскай Сталіцы на карысць міра ў свеце. У першую чаргу ён падкрэсліў намаганні самаго папы Францішка – “першага ў дыпламатыі Святога Пасаду” – для мірнага вырашэння канфлікту ў Сірыі. Ён пераканы, што для дасягнення гэтай мэты міжнародная супольнасць павінна распрацаваць “рэалістычную дарожную мапу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.