2014-02-10 10:03:55

Беларусь: часопісу “Ave Maria” спаўняецца 20 год


RealAudioMP3 “Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!” – радок з фацімскага паслання Маці Божай вядомы шматлікім беларусам. Ужо шмат часу дэвіз каталіцкага часопіса “Ave Maria” чытаюць на яго вокладцы. Ні многа, ні мала – 20 гадоў, як кажуць, на плаву. Сёлета выданне адзначае юбілей. Гэта значная дата для любога мас-медыя – рэспубліканскага, мясцовага, ужо не кажучы пра рэлігійнае і беларускамоўнае. Тым больш, пачыналася яго гісторыя ў цяжкія гады (90-ыя мінулага стагоддзя), час станаўлення новай дзяржавы – пасля распаду СССР і вяртання хрысціянскіх каштаўнасцяў – пасля 70 гадоў атэізму, узгадала галоўны рэдактар часопіса “Ave Maria” Крыстына Лялько.

“Гэта быў пачатак адраджэння веры і Каталіцкага Касцёла і, дапамагаючы гэтаму адраджэнню, мы, свецкія людзі, сабраліся і заснавалі часопіс “Ave Maria”. А потым, у 1995 г. і квартальнік “Наша вера”. Дзякуй Богу гэтыя выданні трымаюцца і іх чытаюць да гэтай пары. 20 гадоў трымаць наклад – пачыналі мы з 8,5 тыс., а зараз маем 8 тыс. наклад – гэта вельмі добра. Значыць, мы маем чытачоў і гэты часопіс запатрабаваны”, - адзначыла Крыстына Лялько.

“Ave Maria” стаў першым у сваім родзе ў Беларусі. Ён як быццам запоўніў духоўны вакуум. “Як добра, што ўжо ёсць каталіцкі друк на беларускай мове”, сказаў яшчэ тады, у 1994-ым, Папа Ян Павел II, які на самым пачатку благаславіў гэту добрую справу. Выданне часопіса падтрымаў і кардынал Казімір Свёнтэк. Вакол “Ave Maria” згуртаваліся вядомыя хрысціянскія пісьменнікі і паэты, прадстаўнікі навукі і інтэлігенцыі, святары і шматлікія вернікі. Выданне набыло не толькі чытача, але і свайго прыхільніка. А каб яго ўтрымліваць – трэба ісці ў нагу з часам і ўлічваць чытацкія інтарэсы. Бо 20 гадоў – гэта не толькі час падводзіць вынікі, але і пачатак новага этапу, падкрэсліла Крыстына Лялько.

“Напрыканцы 2013 года мы правялі такі апытальнік або анкету: пыталі ў нашых чытачоў, што яшчэ яны хацелі б прачытаць на старонках часопіса, якія рубрыкі хацелі б бачыць, якія тэмы. І мы атрымалі шмат адказаў. Будзем падводзіць вынікі гэтага апытання. І гэта таксама вельмі важна – мы адчулі, хто нас чытае, што трэба друкаваць у наступных нумарах, на перспектыву. Гэта вельмі важная зваротная сувязь”, - сказала галоўны рэдактар.

Матэрыялы, прысвечаныя жыццю Каталіцкага Касцёла, навіны дыяцэзій і замежжа, артыкулы пра каталіцкія святы і храмы – усё гэта можна знайсці на старонках традыцыйна. Разважанні пра пытанні веры, інтэрв’ю са святарамі, аповеды пра цікавых людзей – таксама рэгулярна друкуюцца ў часопісе. А вось па выніках анкетавання найбольш запатрабаванай тэмай сёння з’яўляецца гісторыі святых і іх шлях да Бога, а значыць, імнкенне да святасці ў беларускіх чытачоў ёсць – і гэта прыемна здзівіла галоўнага рэдактара часопіса Крыстыну Лялько.

А яшчэ сапраўды парадавала неабыякаваць і да духоўных тэм, і да самаго часопіса. Сакрэт “даўгалецця” якога вельмі просты. “У чым сакрэт? Мне нават трэба над гэтым задумацца… Напэўна ў тым, што людзі знаходзяць тое, што хочуць прачытаць на старонках часопіса, што іх хвалюе, самые розныя пытанні і аспекты. Напрыклад, “Ave Maria” надае шмат увагі жыццю парафіі, у нас ёсць рубрыка “Парафіяне”, у якой можна прачытаць пра цікавых вернікаў. Кожны знаходзіць нешта для сябе ў гэтым часопісе – гэта важна”, - падкрэсліла яна.

2014 год будзе для “Ave Maria” не толькі юбілейным, але і вельмі працоўна напружаным. Акрамя “эпісталярных” зносін з чытачамі, рэдактары і аўтары часопіса плануюць бачыцца і размаўляць са сваімі чытачамі асабіста – падчас шматлікіх акцый-сустрэч па ўсёй Беларусі. Каб прыхільнікаў у часопіса станавілася яшчэ больш. Каб кожны – пажылы ці малады – змог знайсці адказ на сваё пытанне – глабальнае ці штодзённае. Каб заўсёды быць побач з тымі, хто мае патрэбу ў хрысціянскім слове.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.