2014-02-10 12:47:52

11 лютага – гадавіна адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма


RealAudioMP3 Напярэдадні гадавіны адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма, якая прыпадае на 11 лютага 2014 г., кс. Фэдэрыка Ламбардзі, падзяліўся сваімі думкамі пра гэту падзею. Езуіт блізка супрацоўнічаў з Папам на працягу ўсіх гадоў яго пантыфікату і адным з першых даведаўся пра яго нялёгкае рашэнне. Ён нагадаў, што, перш чым адмовіцца ад кіравання Касцёлам, Бэнэдыкт XVI доўга разважаў і маліўся, і гэта бачылі тыя, хто пастаянна прабываў побач з ім. Моцная вера дазволіла яму са спакоем і сілай прыняць рашэнне, якое “паўплывала на гісторыю Касцёла” і з адвагай крочыць насустрач гэтай новай сітуацыі, перакананы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Кс. Ламбардзі мяркуе, што ў факце існавання двух Пантыфікаў – дзеючага і на пенсіі – няма нічога страшнага. На яго думку, усё залежыць ад таго, як глядзець на інстытут папства. Калі лічыць яго ўладай – то, канешне, існаванне двух кіраўнікоў з’яўляецца складанасцю, калі ж успрымаць яго як служэнне – якім яно па сутнасці і з’ўляецца – то не ўзнікае ніякіх пытанняў: чалавек, які выканаў сваё служэнне “перад Богам і ў поўнай свядомасці” перадае яго іншаму, сказаў кс. Ламбардзі.

На думку кіраўніка Залы Друку, Бэнэдыкт XVI – чалавек малітвы, ён заўсёды хацеў мець больш часу, каб жыць ёй. Тым не менш, ён не прабывае ў ізаляцыі: ён моліцца, разважае, чытае і адказвае на лісты, якія яму прыходзяць, але таксама з ахвотай сустракаецца з людзьмі, якія пытаюцца ў яго парадаў ці шукаюць духоўнай падтрымкі, дыялог з якімі ён лічыць карысным. Кс. Ламбардзі нагадаў, што Бэнэдыкт XVI падтрымлівае таксама адносіны з папам Францішкам – яны наведваюць адзін аднаго і размаўляюць па тэлефоне. Такую салідарнасць езуіт лічыць “цудоўным і натхняючым знаканам працягласці служэння св. Пятра ў Касцёле”.

Кс. Ламбардзі прызнаўся, што адчувае духоўную блізкасць Папы на пенсіі і лічыць, яго “вялікім і мудрым старцам”, які заклікае ісці наперад з даверам і надзеяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.