2014-02-09 13:41:25

Папа перад “Анёл Панскі”: хрысціяне павінны надаваць “смак” гэтаму свету (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 9 лютага 2014 г. з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Ён адзначыў, што моліцца за тых, хто пакутуе ад наступстваў стыхійных бедстваў, якія закранулі многія краіны Еўропы. Паводле яго, такім чынам прырода заклікае чалавека да беражлівых і ўважлівых адносін да сябе. Тварэнне трэба абараняць, звярнуў увагу Пантыфік, абыякавае стаўленне да яго можа прывесці да яшчэ больш сур’ёзных наступстваў. У сваіх разважаннях перад “Анёл Панскі” Францішак звярнуў увагу на евангельскую сімволіку святла і солі, якая адносіцца да тоеснасці хрысціяніна. Менавіта паслядоўнікі Хрыста, нагадаў Папа, павінны надаваць “смак” гэтаму свету, сёння як ніколі. Гэта павінна адбывацца праз сапраўднае сведчанне міласэрнасці. Калі хрысціянскае жыццё губляе сваю “соль”, з ёй губляецца і яго сэнс, адзначыў Святы Айцец.

“У Евангеллі гэтай нядзелі, якое наступае пасля прамаўлення Благаслаўленняў, Езус кажа сваім вучням: “Вы – соль зямлі... Вы – святло свету” (Мц 5,13-14). - нагадаў Пантыфік - Але гэта здаецца крыху дзіўным для нас, калі мы падумаем пра тых, хто знаходзіўся перад Езусам, калі Ён казаў гэтыя словы. Кім на самой справе былі тыя вучні? Яны былі рыбакамі, простымі людзьмі... Але Езус глядзіць на іх вачыма Бога, і яго сцвярджэнне можна зразумець толькі як наступства Благаслаўленняў. Ён хоча сказаць: калі вы будзеце ўбогімі духам, калі вы будзеце пакорнымі, калі вы будзеце чыстымі сэрцам, калі вы будзе міласэрнымі – вы будзеце соллю зямлі і святлом свету!

Каб лепш зразумець гэтыя вобразы, трэба мець на ўвазе, што габрэйскі закон загадваў пасыпаць невялікай колькасцю солі кожную ахвяру, прадстаўленую Богу на знак запавету. Святло для Ізраіля было ​​сімвалам месіянскага аб’яўлення, што перамагае над цемрай язычніцтва. Хрысціяне, новы Ізраіль, прынялі місію перад абліччам усіх людзей: з верай і міласэрнасцю яны могуць весці, кансэкраваць, рабіць плённым чалавецтва. Усе мы, ахрышчаныя, з’яўляемся вучнямі-місіянерамі, закліканымі станавіцца жывым Евангеллем у свеце. Святым жыццём мы дадзём “смак” розным асяроддзям і будзем абараняць іх ад сапсутасці, як гэта робіць соль, і прынясём святло Хрыста праз сведчанне сапраўднай міласэрнасці.

Але калі мы, хрысціяне, губляем смак, трацім сваю прысутнасць у якасці солі і святла – губляем сваю плённасць. Гэта цудоўная місія – даваць святло свету, і гэта місія даверана нам. Яна сапраўды цудоўная! Вельмі прыемна таксама захоўваць святло, якое мы атрымалі ад Езуса. Абараняць. Захоўваць. Хрысціянін павінен быць асобай яркай, тым, хто прыносіць святло, заўсёды дае святло! Святло, якое не належыць яму, дар Божы, дар Езуса. І мы нясём гэта святло далей. Калі хрысціянін згасіць гэта святло, яго жыццё губляе сэнс, ён становіцца хрысціянінам намінальным, без святла, з жыццём без сэнсу. Таму хацеў бы спытаць вас цяпер, як вы хочаце жыць, як запаленая лямпа ці згашаная? Запаленая ці згашаная? Як бы вы хацелі жыць? Запаленая лямпа! Толькі Бог дае нам гэтае святло, а мы дзелімся ім з іншымі. Запаленая лямпа – вось яно – хрысціянскае пакліканне”, - сказаў Святы Айцец.

На закнчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Пантыфік прывітаў усіх пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра – сем’і, парафіяльныя групы і студэнтаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.